З’яўляюцца першыя лічбы галасавання на парламенцкіх выбарах. На выбарчай акрузе ў Стоўбцах Мінскай вобласці на пэўных участках перамога дастаецца кандыдату ад апазіцыі — Мікалаю Лысёнкаву.

Ён актывіст «Гавары праўду», а вылучаны ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Лысёнкаву 39 гадоў. Ён скончыў БДАТУ. Папрацаваў намеснікам начальніка аддзела сельскай гаспадаркі Стаўбцоўскага райвыканкама, дырэктарам калгаса «Жоўты бераг», начальнікам аддзелу ў «Мінскхлебпраме».

У 2017 стаў актывістам «Гавары праўду». «Стаў шукаць апазіцыю, загугліў, знайшоў «Гавары праўду», яны самыя актыўныя, мне падабаецца з імі супрацоўнічаць», — кажа Лысёнкаў.

Цяпер ён працуе індывідуальным прадпрымальнікам, мае краму па продажы кармоў для жывёл у Стоўбцах. «Мяне ў горадзе ўсе ведаюць. Спытайце любога. Гэта Мамайка [начальнік мясцовай міліцыі, кандыдат у дэпутаты — «НН»] на людзі не выходзіў, толькі ў кабінетах сядзеў, а я заўсёды з людзьмі», — расказвае кандыдат.

Лысёнкаў быў у свой час дэпутатам раённага савета. «Ведаеце, як гэта адбываецца? Да мяне прыйшлі і спыталі, ці хачу я быць дэпутатам. Адказаў, што хачу, праз пару месяцаў стаў. Я нічога для гэтага тады не рабіў».

Мікалай Лысёнкаў афіцыйна перамог у вёсцы Стары Свержань. Там за яго аддалі галасы 394 чалавекі, а за Мамайку — 291. Перамагае Лысёнкаў і падчас галасавання ў асноўны дзень па Стоўбцах, асабліва па тых акругах, дзе было назіранне, але ў цэлым перамогу пішуць Івану Мамайку, які, падобна, і стане дэпутатам.

Раней дэпутатам ад Стаўбцоўскай акругі была старшыня Таварыства Беларускай мовы Алена Анісім.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру