Беларусь гатова арганізаваць зборку электробусаў у Калінінградскай вобласці. Гэты праект Аляксандр Лукашэнка прапанаваў 25 лістапада на сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Расіі Антонам Аліханавым, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.

«Разлічваем на больш цесную кааперацыю беларускіх і расійскіх машынабудаўнікоў. Тым больш што напрацовак у нас у гэтай сферы дастаткова. Мінскія аўтобусы з поспехам эксплуатуюцца ў Калінінградскай вобласці», — заўважыў ён.

Што тычыцца Калінінградскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта не проста важны і перспектыўны гандлёва-эканамічны партнёр Беларусі. «Гэта геаграфічна і гістарычна вельмі блізкая вобласць», — адзначыў ён. Паводле яго слоў, беларусы і калінінградцы імкнуцца да ўзаемавыгаднага і плённага супрацоўніцтва.

«Я і Ельцыну, і Уладзіміру Уладзіміравічу (Пуціну) часта казаў, калі абмяркоўвалі нейкія праблемы: Калінінград — гэта наша вобласць, мы за яе адказвалі і адказваем перш за ўсё, а не Расія. Пуцін кажа: «Я не супраць».

А ў тым вялікая гісторыя. Яшчэ ў савецкія часы, калі была адзіная краіна, шмат было размоў на самым высокім узроўні аб тым, каб далучыць Калінінградскую вобласць да Беларусі. Тады было ўсё роўна. Можа, добра, што не зрабілі, бо Крым далучылі да Украіны — аказалася, што «няправільна» зрабілі. Тым не менш, такіх размоў было шмат, і фактычна мы ў Беларусі былі па многіх пытаннях адказныя за Калінінградскую вобласць, таму што былі самымі блізкімі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0