Кіраўнік Карэліцкага раёна Віктар Шайбак пакінуў сваю пасаду. Інфармацыю Tut.by пацвердзілі ў Карэліцкім райвыканкаме.
Фота: grodnonews.by.
— Віктар Леанідавіч вызвалены ад займаемай пасады па ўласным жаданні, — паведамілі ў райвыканкаме.
Інфармацыю пра кіраўніка раёна выдалілі з афіцыйнага сайта мясцовай улады.
Прычына, па якой звольніўся Віктар Шайбак, невядомая. Аднак некалькі дзён таму мясцовы рэсурс s13.ru паведамляў са спасылкай на крыніцы ў Гродзенскім аблвыканкаме і Карэліцкім райвыканкаме, што кіраўнік ільняной сталіцы рэгіёну папаўся за рулём нападпітку. Ці звязана звальненне з гэтай сітуацыяй — невядома.
І ў ДАІ рэгіёну, і ў МУС TUT.BY гэтую інфармацыю не пацвердзілі і не абверглі, спаслаўшыся на тое, што інфармацыі аб усіх затрыманых п'янымі за рулём кіроўцах у іх, маўляў, няма.
Віктар Шайбак узначальваў Карэліцкі раён з 2007 года. Да гэтага ён працаваў першым намеснікам старшыні мясцовага райвыканкама. Быў таксама дырэктарам ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка», працаваў на розных пасадах мясцовага калгаса «Маяк».