Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Фігурантам «справы прафсаюзаў»Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку на год скарацілі тэрмін «хатняй хіміі», паведамляе spring96.org

Пракурор Цэнтральнага раёна Мінска апавясціў лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча пра тое, што апошні трапляе пад дзеянне закона аб амністыі, прынятага да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аналагічнае паведамленне ад пракурора Фрунзенскага раёна атрымаў і Ігар Комлік 

- У адпаведнасці з пастановай мне скарачаецца тэрмін адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу часткова на адзін год, - растлумачыў Генадзь Фядыніч. - На гэтым тыдні мы падаем скаргу ў Вярхоўны суд аб адмене абсурднага рашэння суда Савецкага раёна, якое пацвердзіў Мінскі гарадскі суд, - такога рашэння наогул не павінна быць. Паўтаруся: мы асуджаныя незаконна. І калі Вярхоўны суд не адменіць гэтае рашэнне, у нас застаецца адзін шлях - Камітэт па правах чалавека ААН. Ведаю, што Міжнародная арганізацыя працы запрасіла ў ўрада «справу прафсаюзаў», усе дакументы: МАП таксама хоча зразумець, якім чынам кіраўнікі прафсаюзаў (не бізнесмены!) апынуліся вінаватыя ў нявыплаце падаткаў і атрымалі ад гэтага нейкі прыбытак.

 - І мы, і прафсаюзы маюць намер дамагацца адмены прысуду як незаконнага. Тым больш, што і да пачатку судовага працэсу, і пасля яго распаўсюджваліся паклёпы пра нас - мы і гэта не забыліся. Іншая справа, што мы аддаём прыярытэт праблемам людзей, на свае не хапае часу, - падкрэсліў Ігар Комлік.

24 жніўня 2018 года суд Савецкага раёна Мінска прызнаў старшыню незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і былога галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка вінаватымі ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса). Прысуд - абмежаванне волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 гадоў.

Суд таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачаных 47 560 рублёў, а таксама судовыя выдаткі ў памеры 1400 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0