З панядзелка беларускі рубель апусціўся з 2,0501 за даляр апусціўся да 2,1173 (па стане на 10.50 чацвярга). Курс рубля да еўра з панядзелка апусціўся з 2,2685 да 2,3320. Чаму так здарылася?

Ці можа быць, што рынак мае інфармацыю ад інсайдараў, што да 8 снежня Беларусь і Расія не прыйдуць да дамоўленасцей і лічыць, што гэта ўдарыць па беларускім рублі? Ці гэта можа быць вынік інспіраваны з Расіі ціск на беларускую валюту ў час, калі ідуць вырашальныя перамовы па нафце і газе?

Што думаюць эксперты пра гэтую сітуацыю? Эканаміст Дзмітрый Крук мяркуе, што шукаць нейкай подбіўкі не трэба.

«Гэта нармальныя ваганні, калі курс з’яўляецца плаваючым у пэўным калідоры. Тое, што апошнія дні рубель так імкліва знізіўся ў адносінах да даляра і еўра, сведчыць, што попыт павысіўся. Але пакуль няма падстаў казаць, што гэта ўстойлівая тэндэнцыя.

І на што тут трэба звярнуць увагу: зараз курс вярнуўся прыблізна да сярэднегадавога ўзроўню. Да ўзроўню 2,05 рубля за даляр мы перайшлі паўтара месяца таму, а большую частку года адносіны былі бліжэй да 2,1. І калі на больш прасунуты эканамічны паказчык глядзець — рэальны эфектыўны валютны курс, — там апошнія месяцы было невялікае пераацаненне. Зараз ідзе вяртанне да больш абгрунтаванага ўзроўню. Таму пакуль не бачу ніякай узаемасувязі з меркаванымі перамовамі», — каментуе Дзмітрый Крук.

Ці можа быць, што рост даляра — гэта ціск на беларускую валюту ў час, калі ідуць вырашальныя перамовы па нафце і газе? Эксперт лічыць, што не — да канца года істотных зменаў у гэтай сферы не будзе.

Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Ёсуб, каментуючы прычыны росту курсу даляра, у нечым згодны з папярэднім экспертам.

«Магу сказаць, з чым гэта дакладна не звязана. Не думаю, што гэта нейкім чынам звязана з сустрэчай 8 снежня.

Наогул, каб валюта расла, трэба каб яе нехта моцна купляў, больш, чым яе прадаюць. З цяжкасцю сабе ўяўляю паводзіны нейкіх кампаній, а тым больш насельніцтва, каб яно пайшло і купляла валюту, бо хутка 8 снежня. Прычым пачало гэта рабіць акурат у пачатку бягучага тыдня, не раней і не пазней.

Цяпер пакуль складана сказаць, ці гэта ўстойлівы трэнд на рост дадзенай валюты, які будзе працягнуты, ці гэта нейкі кароткатэрміновы фактар і ў бліжэйшы час рост спыніцца і курс адкаціцца назад. Напрыклад, у якасці такога кароткатэрміновага фактара магла б быць банальная пакупка валюты адным ці некалькімі буйнымі прадпрыемствамі.

У нас рынак валюты дастковы маленькі, нізкаліквідны, і калі, дапусцім, нейкаму прадпрыемству трэба аплочваць імпартны кантракт ці гасіць валютныя крэдыты і яго патрэбы ў валюце — гэта некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў, то пакупка такой сумы на працягу некалькіх дзён можа істотна пасунуць рынак.

Падобны рост курса з наступным адкатам мы назіралі ў канцы лета. Так гэта ці не так, зможам меркаваць толькі праз час».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?