Кіраўнік «Белай Русі», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька ў перадачы «У абстаноўцы міра» на тэлеканале СТБ выказаўся адносна ўдзелу апазіцыі ў парламенцкіх выбарах — 2019.

«Апазіцыя канструктыўна зусім не ўдзельнічала ў гэтым працэсе. Груба кажучы, ніводнай свежай ідэі, якая была б падтрыманая выбарцамі і народам. Ніводнай яркага персанажа, які б у пэўнай акрузе адстойваў свае пазіцыі. Адыёзна, тупа, нафталінна. Адны і тыя ж тужлівыя, зацёртыя фразы», — сказаў Давыдзька.

«Многія з іх прамым тэкстам казалі, што не ішлі на выбары перамагчы, а для таго патлумачыць людзям свае мэты. І дзе вы растлумачылі?

Разваліць, зняць, Лукашэнка сыходзь. А хто прыходзь? А чаму сыходзь? Дзе ў вас аргументы? Пералічваць на адной руцэ, тры пальцы згінаюць, я лёгка аргументамі разгінаю гэтыя чатыры пальцы.

Даю ім яшчэ больш аргументаў на карысць таго, што прэзідэнт на сваім месцы і, дзякуй богу, што ён у нас такі. Адказаць не могуць, пачынаюцца абразы.

На жаль, у мяне на акрузе не было суперніка, з якім бы я мог канструктыўна падыскутаваць», — адзначыў лідар «Белай Русі».

Адметна, што лідара «Руху за Свабоду» Юрася Губарэвіча, які балатаваўся па той жа акрузе, проста не зарэгістравалі кандыдатам.

Вядучы перадачы, яшчэ адзін дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк адказаў Давыдзьку: «Я абсалютна падтрымліваю тое, што вы сказалі. Найбольш мяне шакавала — адкрытае хамства, якому не было межаў, калі людзі хлусілі, абражалі, выкарыстоўвалі блатную лагерную феню, але казалі пра сваю еўрапейскую талерантнасць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?