Адразу некалькі расійскіх СМІ паведамілі пра жудаснае забойства ў Екацярынбургу. Ахвярай стаў маленькі хлопчык, у забойстве падазраюць яго маці, грамадзянку Беларусі, і бацьку.

28 лістапада ў адным з паркаў горада знайшлі цела 9-гадовага хлопчыка.

Парк, дзе нібыта знайшлі труп хлопчыка

Парк, дзе нібыта знайшлі труп хлопчыка

«Дзіця білі бізунамі, а потым засунулі ў рот кляп. Пасля гэтага цела закапалі на тэрыторыі лесапарку.

Па папярэдніх дадзеных, дзіця забілі на «рэлігійнай глебе». Пры ператрусе ў кватэры была знойдзеная Біблія. Па адной з версій, дзіця білі бізунамі, каб «выгнаць зь яго дэманаў», — распавядае крыніца ў сілавых структурах. — Але самае страшнае, што ва ўсім гэтым рытуале ўдзельнічалі бацькі дзіцяці. Па адной з версій, у расправе ўдзельнічаў бацька дзіцяці. Магчыма, дзейнічала секта. Па іншай — хлопчыка забіла родная маці», — паведамляе «КП-Екацярынбург» са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах.

Паведамляецца, што бацька дзіцяці і яго саўдзельнікі цяпер знаходзяцца ў Екацярынбургу, іх затрымалі. А вось маці хлопчыка, грамадзянка Беларусі, нібыта збегла на радзіму.

Праўда, екацярынбургскія сілавікі пакуль не пацвердзілі гэтую гісторыю мясцовым СМІ.

«Наша Ніва» звярнулася ў беларускі Следчы камітэт і прэс-службу МУС. Там пакуль што не валодаюць інфармацыяй.

У аддзяленні пасольства Беларусі ў Екацярынбургу адказалі, што пакуль не могуць пацвердзіць, ці сапраўды загінулы хлопчык і яго маці маюць беларускае грамадзянства.

«Мы ведаем пра гэты выпадак толькі са СМІ. Пасольства накіравала запыт у паліцыю, чакаем адказ», — паведаміў «Нашай Ніве» кіраўнік аддзялення беларускага пасольства ў Екацярынбургу Васіль Кунскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0