Полацкі суд 29 лістапада вынес рашэнне арыштаваць на 15 сутак грамадскага актывіста і блогера Алеся Круткіна за рэпост ў фэйсбуку. Суддзя палічыў, што перапост ад 12 лістапада змяшчаў «заклік на незаконнае мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску», піша «Віцебская вясна».

Напярэдадні, 28 лістапада, Алесь Круткін сам пайшоў у Полацкі РАУС, каб забраць свае мабільныя тэлефоны, якія былі канфіскаваныя па ранейшых адміністрацыйных справах. Але ў міліцыі блогера затрымалі — на падставе адміністрацыйнай справы паводле арт. 23.34 (парушэнне арганізацыі масавага мерапрыемства). Актывіст правёў ноч у полацкім ізалятары часовага ўтрымання, але ў суд яго з раніцы не прывезлі. Мясцовыя актывісты знайшлі яго ў Полацкім РАУС, змаглі перадаць яму ежы.

Алеся абвінавацілі ў тым, што ён 12 лістапада перапосціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведамленне «з заклікам на незаконную акцыю». Блогер зрабіў перапост інфармацыі з групы «Еўрапейская Беларусь» аб правядзенні перадвыбарчага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 15 лістапада.

Суддзя зачытаў дакумент з матэрыялаў справы, паводле якога Мінгарвыканкам забараняў правядзенне на Кастрычніцкай плошчы перадвыбарчых мерапрыемстваў.

На судзе высветлілася, што адміністрацыйная справа супраць Круткіна была распачатая яшчэ ў Віцебску і стала вынікам стараннага вывучэння службовай асобай з Упраўлення ўнутраных спраў тэкстаў у сацыяльных сетках.

Круткін сваю віну не прызнаў. Паведаміў, што не лічыць гэты рэпост заклікам на незаконнае мерапрыемства ў перыяд выбарчай кампаніі.

У выніку суддзя, улічыўшы, што Круткін сёлета ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, пастанавіў пакараць яго адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.

Адразу пасля пасяджэння Круткін заявіў, што мае намер абскардзіць гэтае рашэнне Полацкага суда, але прызнаўся, што ня ведае, як гэта зрабіць, знаходзячыся ў ІЧУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0