Лідары краін — членаў Еўрасаюза на саміце ў Бруселі прынялі палітычнае рашэнне аб працягу на паўгода эканамічных санкцый супраць Расіі, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца 31 студзеня 2020 года, піша tass.ru.
Як паведаміла карэспандэнту ТАСС крыніца ў дэлегацыі адной з краін супольнасці, рашэнне было прынята пасля таго, як канцлер Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон коратка праінфармавалі астатніх лідараў аб ходзе рэалізацыі мінскіх пагадненняў па ўрэгуляванні ва Украіне ў святле саміту ў «нармандскім фармаце», што адбыўся 9 снежня ў Парыжы.
Чакаецца, што ў бліжэйшыя тыдні рашэнне ўступіць у сілу.
У 2014 годзе Еўрасаюз увёў санкцыі ў дачыненні РФ у сувязі з анексіяй Крыма і ўварваннем на Данбас.
Былі прыпыненыя перамовы пра бязвізавы рэжым і новае базавае пагадненне аб супрацоўніцтве, уведзены забарона на ўезд у краіны ЕС для службовых асобаў з РФ і замарожаныя іх актывы. Таксама былі ўведзеныя абмежавальныя меры гандлёвага, фінансавага і вайсковага характару. У адказ Расія забараніла імпарт з краін Еўрасаюза шэрагу харчовых тавараў.