Журналістка, галоўная рэдактарка «Беларускага партызана» Святлана Калінкіна доўгі час інтэнсіўна працавала разам з Паўлам Шараметам. За іх сумесным аўтарства выйшла кніга «Выпадковы прэзідэнт». Святлана Калінкіна падзялілася з «НН» уражаннямі ад першых вынікаў следства па справе забойства Шарамета.

«Я б не ставіла так пытанне: ёсць давер ці няма даверу, праўдзіва ці не праўдзіва. Я б ставіла пытанне іначай: няглядзячы на праведзены брыфінг, нягледзячы на затрыманых, нельга казаць, што забойства Паўла Шарамета расследавана.

Пакуль няма адказаў на галоўныя пытанні: чаму менавіта Шарамета забілі, хто быў зацікаўлены ў дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне, чаму яе не адбылося пасля смерці Паўла, хто замоўца гэтага злачынства? Відавочна, што затрыманыя людзі маглі быць выканаўцамі забойства, але адкуль ішла замова?

Калі кіравацца тым заявамі следства, то атрымліваецца, што яго забілі людзі, якія яго не ведалі, ніяк не перасякаліся, у іх не было прэтэнзій да Шарамета. Проста сабралася група людзей і вырашыла яго забіць? Прычым вельмі дэталёва падрыхтавала ўсё. Я, шчыра кажучы, не магу ў гэта паверыць, мне гэта здаецца неверагодным.

Павінен быць у справе нейкі іншы план, нават калі гэтыя людзі — сапраўды выканаўцы забойства. Пра раскрыццё справы пакуль яшчэ рана казаць. Можна толькі сказаць, што ёсць спробы паказаць, што следства ідзе, на яго не забыліся — гэта так.

Фармулёўка «дэстабілізацыя сітуацыі ў краіне» як аблокі, пад яе падыходзіць усё. Але чаму менавіта Шарамет? Ва Украіне што, няма больш вядомых расіян ці беларусаў? Што гэта за дзіўныя фармулёўкі ў справе, што будучы «прадстаўнікамі арыйскай расы» яны выступалі за чысціню расы?

Відавочна, што Зяленскі ўзяўся за справу забойства Шарамет больш інтэнсіўна. Хаця такі спрэчны момант: ягоная прысутнасць на ўчорашнім брыфінгу — гэта плюс ці мінус.

Калі затрыманыя пададуць у нейкія еўрапейскія суды, то Україна ім яшчэ і грошы можа заплаціць за такі палітычны ўдзел у следстве.

Тое, што Зяленскі ўзяўся за расследаванне, у адрозненні ад Парашэнкі, які толькі абяцаў, але справа не рушылася з кропкі, добры факт. Іншая справа, каб гэтым не скарысталіся сілавікі і не падсунулі такую сабе «хатнюю нарыхтоўку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?