Сёння каля 7.00 у Салігорскім раёне на аўтадарозе Радкава — Салігорск каля вёскі Кулакі адбылося ДТЗ, паведамляе міліцыя.
У маршрутнае таксі, якое рухалася ў бок Салігорска, урэзаўся аўтамабіль «Газель», які ехаў у спадарожным напрамку. Ад удару мікрааўтобус «Фальксваген» з'ехаў у левы кювет і ўрэзаўся правым бокам у дрэва. Туды ж з'ехала і «Газель».
У выніку ДТЗ загінула 50-гадовая пасажырка маршрутнага таксі. Траўмы атрымалі абодва кіроўцы і двое пасажыраў «Фальксвагена» — іх даставілі ў бальніцу.