ЗША таемна выслалі двух супрацоўнікаў пасольства Кітая пасля затрымання на тэрыторыі ваеннай базы ў Вірджыніі, паведамляе The New York Times.
Высылка кітайскіх дыпламатаў, якія падазраюцца ў шпіянажы, стала першай за апошнія 30 гадоў.
Амерыканскія чыноўнікі лічаць, што сама меней адзін з кітайскіх дыпламатаў быў супрацоўнікам разведкі, што працаваў пад дыпламатычным прыкрыццём.
Інцыдэнт з пранікненнем адбыўся ў канцы верасня на базе сіл спецыяльных аперацый каля Норфалка, штат Вірджынія.
Кітайскія дыпламаты разам з жонкамі пад'ехалі да кантрольна-прапускнога пункта для ўезду на тэрыторыю базы. Ахоўнік, разумеючы, што ў іх няма дазволу на ўезд, загадаў ім праехаць праз вароты, павярнуцца і выехаць з тэрыторыі базы, што з'яўляецца звычайнай працэдурай ў такіх выпадках.
Але кітайскія чыноўнікі працягнулі рух па тэрыторыі, пакуль пажарныя машыны не перагарадзілі ім шлях. Супрацоўнікі пасольства Кітая патлумачылі, што яны не зразумелі інструкцый ахоўніка і проста заблукалі.
У той жа час амерыканскія чыноўнікі сумняваюцца, што кітайцы здзейснілі нявінную памылку.





