16 снежня ў Менскім гарадскім судзе абвясцілі прысуд грамадзяніну Ізраіля Алану Левіту. Ён апраўданы па справе аб жорсткім забойстве бізнэсмена, злачынства адбылося ў 1993 годзе. Вінаватай у забойстве раней прызналі знаёмую Левіта, у якой быў раман і з ім, і з забітым. Жанчына даўно адседзела свой 8-гадовы тэрмін і зараз праходзіла па справе як сведка. Алан Левіт віну не прызнаў, у судзе заявіў, што былая палюбоўніца агаварыла яго, каб выгарадзіць сапраўдных злачынцаў. Пра справу піша TUT.BY. 

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

У Менскім гарадскім судзе абвясцілі прысуд грамадзяніну Ізраіля Алану Левіту. Суд апраўдаў яго ў справе забойства 25-гадовай даўніны. Абвінавачанага вызвалілі ў зале суда.

Да абвяшчэння прысуду мужчына трымаўся ўпэўнена, хацеў пагутарыць з прэсай.

— Суд правёў дасканалае разбіральніцтва. Зыходзячы з гэтага, мяне зараз павінны вызваліць. У кожным сказе чатырохтомнай крымінальнай справы паказана, што я невінаваты, — пасля гэтых слоў канвой забараніў абвінавачанаму размаўляць.

Пракурору Ленінскага раёна вынесена прыватнае вызначэнне за парушэнне заканадаўства. Дзяржабвінаваўца прасіў прысудзіць мужчыну да 14 гадоў калоніі з 15 магчымых па законе за дадзенае злачынства. Справа па факце забойства бізнэсмена накіравана на новае расследаванне.

Алан Левіт пасля вызвалення заявіў, што заўсёды верыў, што яго апраўдаюць.

— Якія вашы планы?

— Хутчэй з'ехаць у Ізраіль, на мора, і больш ніколі сюды не вяртацца.

Алан Левіт быў затрыманы ў жніўні 2018-га ў Нямеччыне, дзе ён адпачываў разам з сынам. На той момант ён ужо быў у базе вышуку Інтэрпала. Ён быў экстрадзіраваны ў Беларусь, і ўвесь гэты час знаходзіўся ў СІЗА. Паводле яго слоў, там ён моцна падарваў здароўе.

Нагадаем, у 1993 годзе ў Серабранцы быў забіты бізнэсмен, на яго твары і шыі было каля 16 нажавых раненняў. З кватэры нападнікі вынеслі грошы і дэфіцытную па тых часах тэхніку. Алана Левіта, па версіі следства, з забітым звязвала агульная знаёмая — Лілія Быстрова — у яе былі стасункі і з Левітам, і з бізнэсменам. Абвінавачаны ў судзе распавёў, што Ліля скардзілася, быццам забяспечаны залётнік здзекуецца з яе «ў сэксуальным плане». Аднойчы яна прынесла ў дом Левіта дарагую тэхніку, сказала, што забрала рэчы з крамы бізнэсмена і больш да яго не вернецца. Алан, паводле яго слоў, рашэнне Ліліі падтрымаў і нават дапамагаў ёй збыць выкрадзенае. Пра тое, што бізнэсоўца жорстка забілі, Левіт, як ён настойвае ў сваіх паказаньнях, нават не падазраваў. Але неўзабаве вырашыў з'ехаць з Мінска — на той момант у яго ўжо было грамадзянства Ізраіля.

— Я ніколі нікога не забіваў і не рабаваў, — заявіў абвінавачаны ў судзе. Левіт настойвае, што яго «падставіла хітрая жанчына»: — Следчы казаў, што мая віна даказаная, трэба толькі ўсё прызнаць. Але я з першага допыту не прызнаю віну. Ніякіх слядоў маёй прысутнасці на месцы злачынства не выяўлена: ні адбіткаў пальцаў, ні слядоў крыві, хоць Быстрова заявіла, што падчас забойства я параніўся нажом. Ніхто з суседзяў мяне не бачыў. Сведка (маецца на ўвазе Лілія, якая ўжо адбыла пакаранне, таму зараз праходзіць як сведка. — Заўвага. TUT.BY) агаворвае мяне, каб самой пазбегнуць пакарання або каб схаваць кагосьці. Яна казала, што нібыта мой бацька прыходзіў да яе маці, прасіў і нават пагражаў, каб яна ўзяла ўсю віну на сябе. Гэта няпраўда: мой бацька на такое не здольны і яе маці такіх паказанняў не давала. Іншыя сведкі па справе — гэта мае сябры, яны не былі відавочцамі злачынства. У 2010 годзе пракуратура Ізраіля вывучала матэрыялы справы, быў адказ, што доказаў маёй віны не прадстаўлена. Я заяўляю аб сваёй невінаватасці.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны або апратэставаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?