Фота Таццяны Беланог, СК
28-гадовы мужчына прадаваў нібыта манеты і медалі часоў Расійскай імперыі, піша Рэгіянальная газета.
У першым выпадку ахвярай стаў 57-гадовы мужчына. Да яго на вуліцы падышоў незнаёмы і пераканаў купіць старадаўнія манеты нібыта з каштоўных металаў. Прадавец распавёў, што пасля рамонту ў доме, атрыманым у спадчыну, знайшоў скарб. У выніку пацярпелы аддаў 150 рублёў за тры манеты і медаль.
Другой пацярпелай стала 33-гадовая жанчына, якая купіла за 160 рублёў сем манет нібыта царскай чаканкі. Ён ёй распавёў, што манеты знайшоў падчас будаўнічых работ на аб’екце і не аддаў іх заказчыку, бо той з ім не разлічыўся.
Калі пацярпелыя даведаліся ад спецыялістаў, што набытыя вырабы не з’яўляюцца старадаўнімі і не ўтрымліваюць каштоўных металаў, яны звярнуліся ў міліцыю. Неўзабаве прадаўца знайшлі і затрымалі.





