Французскі рэгулятар фінансавых рынкаў аштрафаваў амерыканскае агенцтва навінаў Bloomberg на пяць мільёнаў еўра за распаўсюд фэйкавых навін, піша французскае радыё.
У 2016 годзе Bloomberg апублікаваў інфармацыю з падробленага прэс-рэлізу французскай будаўнічай кампаніі Vinci. Гэта прывяло да падзення яе акцый на 18%.
У агенцтве заявілі, што ў лістападзе 2016 года ашуканцы разаслалі прэс-рэліз, у якім гаварылася, што кампанія Vinci звольніла свайго фінансавага дырэктара Крысціяна Лабейры і пераглядае свае фінансавыя паказчыкі пасля выяўлення памылак у справаздачнасці.
Рэліз разаслалі з падстаўной электроннай пошты, якая была вельмі падобная на рэальную пошту кампаніі. Але ўжо праз паўгадзіны пасля выхаду навіны ашуканцы даслалі абвяржэнне. У той жа час кампанія Vinci таксама выдала афіцыйнае абвяржэнне.
У Bloomberg заявілі, што плануюць абскардзіць рашэнне суда.





