На днях у Мінску замежнік вырашыў наведаць аквапарк. У кабінцы для пераапранання засталіся яго джынсы з вялікай сумай у кішэні. Праз дзве гадзіны мужчына вярнуўся і пабачыў, што са штаноў зніклі ўсе грошы - 9 тысяч даляраў і 900 рублёў. Госць неадкладна звярнуўся ў міліцыю, паведамляе прэс-служба МУС.

Аператыўнікі крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС дзякуючы камерам відэаназірання высветлілі кола асоб, якія маглі быць датычныя да крадзяжу.

Першым праваахоўнікі праверылі 42-гадовага мужчыну, які прыехаў у Беларусь з сям'ёй у турпаездку. Яго затрымалі ў Нясвіжы падчас экскурсіі па замку. Ён не стаў адмаўляць сваю датычнасьць да выкрадання грошай, але сказаў, што ўзяў толькі 900 рублёў (800 з іх апынуліся пры ім), якія ляжалі на падлозе ў кабінцы.

Затым сышчыкі выйшлі на след 24-гадовага выхадца Гомельшчыны, які таксама заходзіў у распранальню. Ён прызнаўся, што, убачыўшы чужыя штаны, праверыў кішэні і дастаў з іх пачак даляраў. З выкрадзенай сумы 8800 даляраў выяўленыя ў яго дома.

Следчымі дадзена прававая ацэнка. Абодва фігуранты затрыманыя за крадзеж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0