Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прапанаваў падчас прэс-канферэнцыі, каб пытанне задала дзяўчына з плакацікам «Мінск, Белоруссія». Плакаціка ў кадры не было, цытата са слоў Пуціна (ёсць у запісе трансляцыі).

На гэты момант звярнуў увагу журналіст Серж Харытонаў.

Пытанне ад дзяўчыны з плакатам:

«Незаконныя дзеянні Гарбачова ў 1991 годзе прывялі да мільёнаў пацярпелых людзей. А што калі даць прававую ацэнку падзеям 1991 года? Такім чынам будзе прасцей вырашацца пытанне тэрытарыяльнай цэласнасці — у тым ліку, і з Беларуссю».

Чытайце працяг: «Беларусь — такая ж айчына, як Расія і Кіеў». Псеўдабеларуская журналістка, якая задавала пытанне Пуціну, адказала «НН»

Дзяўчына прадставілася Марыяй Нагібінай з тэлеканала «Міністэрства ідэй».

Пуцін адказаў, што не разумее, якія прэтэнзіі да Гарбачова і падзей 1991 года— маўляў, усе пытанні даўно вырашаныя.

Другое пытанне дзяўчыны тычылася ідэалогіі Расійскай Федэрацыі. Пуцін адказаў, што для яго сёння галоўная ідэалогія адна — патрыятызм.

Дзіўныя пытанні. А прычым тут Беларусь? Ні пры чым.

Насамрэч і тэлеканала такога ў Беларусі няма, і дзяўчына — расіянка.

Нагібіна мае прамое дачыненне да так званага «Народно-освободітельного двіженія» (НОД). Гэта фрык-суполка «антымайданаўцаў», павернутых на ідэях «рускага свету», якія настолькі далёкія ад рэальнасці ў сваіх фантазіях, што іх грэбуе выкарыстоўваць нават дзяржпрапаганда.

А тэлеканал «Міністэрства ідэй» працуе ў Екацярынбургу.

Затое таблічка «Мінск, Белоруссія» спрацавала — Пуцін звярнуў увагу на «журналістку». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0