17 снежня быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Асіповіча, піша «Камерцыйны кур'ер». Яго прысудзілі да смяротнага пакарання за забойства дзвюх дзяўчат.

Аб прывядзенні прысуду ў выкананне паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Вольга Іванова. На гучным працэсе яна выступала ў якасці абвінаваўцы.

9 студзеня Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Асіповіча да выключнай меры пакарання за забойства 26-гадовай Крысціны Крушкінай і 27-гадовай Алесі Клімавай. Злачынства адбылося 20 ліпеня 2018 года ў кватэры маці забойцы на вуліцы Лынькова. Адну дзяўчыну Асіповіч зарэзаў, нанёсшы 16 нажавых раненняў, другую забіў малатком. Эксперты налічылі 77 удараў.

Адразу пасля абвяшчэння прысуду Асіповіч заявіў пра намер падаць апеляцыю ў Вярхоўны суд. 14 мая спецыяльная калегія, разгледзеўшы абставіны справы, пакінула прысуд без зменаў.

Пасля рашэння Вярхоўнага суда Асіповіч напісаў асабістае хадайніцтва на імя Лукашэнкі. Але кіраўнік дзяржавы пакінуў хадайніцтва без задавальнення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0