На сваёй вялікай прэс-канферэнцыі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін звярнуў увагу на дзяўчыну з плакацікам «Мінск, Белоруссія» і прапанаваў даць ёй слова. Праўда, тая аказалася расійскай журналісткай, і яе пытанні не асабліва тычыліся нашай краіны.

«Мінск, Белоруссія» — Пуціну задала пытанне псеўдабеларуская журналістка

«Наша Ніва» звязалася з Марыяй Нагібінай — так завуць дзяўчыну. Ёй 23 гады, працуе ў маскоўскім філіяле екацярынбургскага тэлеканала «Міністэрства ідэй».

Нагібіна растлумачыла надпіс на плакаціку наступным чынам:

«Нас цікавіла пытанне тэрытарыяльнай цэласнасці пасля 1991 года, у тым ліку і датычна Беларусі. Чаму не праводзілася раследаванне дзеянняў Гарбачова, пасля якіх з’явілася шмат пацярпелых? Цяпер у Расіі і іншых краінах постсавецкай прасторы масава збіраюцца подпісы, каб правялі раследаванне дзеянняў Гарбачова, далі падзеям 1991 года прававую адзнаку. Рашэнні Гарбачова, калі ён аддаў суверэнітэт рэспублікам — ці законна гэта было? Хай вырашыць следства.

Таму на плакаціку была тэма пытання, а не геаграфія паходжання тэлеканала. Было напісана «Белоруссія», а не «Беларусь», бо мне неяк зручней і прывычней так казаць».

Дзяўчына кажа, што ёй цікава было задаць сваё пытанне, бо цяпер Беларусь і Расія абмяркоўваюць «дарожныя карты» (праўда, не патлумачыла, якім чынам яе пытанне закранае гэтае абмеркаванне). Сама яна кажа, што вітае інтэграцыю Беларусі і Расіі.

«Падумайце самі, Расія і Беларусія — адзіны народ. Я лічу, што гэта так. Я лічу, што межы 1945 года, якія адстаялі нашыя продкі, непарушныя. Беларусь — такая ж айчына, як Расія, як Кіеў, як і ўся поставецкая прастора, таму мяне цікавіць гэтая тэма. Гэта сакральныя каштоўнасці Айчыны», — кажа Марыя.

Дзяўчына кажа, што яна звычайны карэспандэнт канала «Міністэрства ідэй», працуе ў маскоўскім філіяле. Па яе словах, ахоп у канала — 10 мільёнаў чалавек (калі што, насельніцтва Екацерынбурга — каля 1,4 мільёна чалавек, ва ўсёй Свярдлоўскай вобласці жыве трохі больш за 4 мільёны).

Яна пацвярджае, што з’яўляецца актывісткай «Національно-освободітельного двіженія».

«Я прымаю актыўны ўдзел у інфармаванні насельніцтва па тых ці іншых палітычных пытаннях», — так Нагібіна тлумачыць сваю дзейнасць у «НОД». «Інфармуе насельніцтва» яна праз свой відэаблог.

Адказам Пуціна на свае пытанні Марыя задаволеная часткова. Са словамі, што галоўная ідэалогія Расіі сёння — гэта патрыятызм, яна поўнасцю салідарная. Але, кажа, цалкам на пытанні расійскі кіраўнік не адказаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?