Каля Чырвонага касцёла вечарам 19 снежня актывісты запалілі «свечкі салідарнасці». Такім спосабам яны выказалі салідарнасць з тымі, хто зараз адбывае пакаранне ў беларускіх турмах, паведамляе Tut.by.

Да касцёла прыйшоў Дзмітрый Паліенка, Мікалай Статкевіч і яшчэ некалькі чалавек. Супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным і журналістаў аказалася значна больш, чым удзельнікаў. Паліенка некалькі разоў падкрэсліў, што гэта не акцыя.

— Гэта не акцыя, не пікет, не мітынг, гэта проста знак салідарнасці з тымі, хто ўдзельнічаў у акцыі 19 снежня 2010 года, і з тымі, хто сядзіць зараз, — сказаў Паліенка.

Чытайце. Дзевяць гадоў таму адбылася Плошча-2010: прайшлі прэзідэнцкія выбары і масавая акцыя пратэсту

Акрамя свечак актывісты прынеслі да касцёла фотаздымкі тых, хто цяпер знаходзіцца ў няволі: Міхаіла Жамчужнага, Святаслава Барановіча, Вадзіма Бойкі, Іллі Валавіка, Мікіты Емяльянава.

Статкевіч заявіў, што прыйшоў да касцёла, каб успомніць 19 снежня 2010 года і тых, хто тады пацярпеў.

— Зараз падзеі ўваходзяць у вострую стадыю, але плошча-2020 пераможа, — сказаў Статкевіч. Ён таксама заявіў журналістам, што плануе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?