Падчас штогадовай вялікай прэс-канферэнцыі кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна спыталі пра яго дачок Кацярыну Ціханаву і Марыю Варанцову, паведамляе BBC.

Журналістка BBC адзначыла, што ў 2015 годзе Пуцін адмовіўся каментаваць сваяцтва з Ціханавай, заявіўшы, што яго дзеці «не займаюцца бізнэсам і не займаюцца палітыкай, яны нікуды не лезуць».

«Мы бачым, што Ціханаву і Варанцову ўсё часцей паказваюць па тэлевізары, яны часта з'яўляюцца на публіцы, іх імёны і знешнасць ужо вядомыя ўсёй краіне. Інфармацыя аб іх бізнэсах ёсць ва ўсіх базах даных. Відавочна, што ўсё гэта адбываецца не проста так. Калі вы ўжо прызнаеце, што яны вашыя дзеці? І калі яны стануць публічнымі і адкрытымі для грамадства, як дзеці іншых сусветных лідараў?» — спытала яна.

Пуцін вырашыў у чарговы раз не адказваць на нязручнае пытанне.

«Вы згадалі адну жанчыну, другую. Згадалі іх асабістыя долі, аб'ём бізнэсу. Проста адзначылі факт. Калі вы пакапаецеся ў гэтым, вы зразумееце, які там бізнэс, ці ёсць ён там, каму ён належыць, хто там дапамагае», — сказаў ён, так і не пацвердзіўшы, што Ціханава і Варанцова яго дочкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0