Мода на тэлеграм-каналы канчаткова дабралася да беларускіх уладных структур. Свежыя навіны міліцыі спачатку з'яўляюцца ў канале прэс-сакратаркі Вольгі Чамаданавай (амаль 10 тысяч падпісантаў), паведамленні ад Следчага камітэта — у іх канале (амаль 8 тысяч падпісантаў).

7 лістапада 2019 года ў тэлеграме з'явіўся канал «Пул першага». Гэта «чалавечыя» навіны пра дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер у канала больш за 4600 падпісантаў. Фармальна канал ананімны. Але гэта не перашкаджае спасылацца на яго дзяржаўным СМІ, якія дагэтуль ігнаравалі ананімныя каналы і непацверджаную інфармацыю.

Канал з захапленнем піша пра падарункі Лукашэнкі, замілавана перадае яго жарты падчас афіцыйных сустрэч, цытуе выступленні.

Але хто вядзе канал, дагэтуль невядома. Хто ж гэты загадкавыя ананімы, блізкія да кіраўніка краіны?

Спачатку варта патлумачыць, што такое «прэзідэнцкі пул». Гэта карэспандэнты і аператары дзяржаўных СМІ, якія ездзяць услед за Аляксандрам Лукашэнкам і асвятляюць яго дзейнасць.

Ніводнага прадстаўніка недзяржаўных СМІ — ні «Нашай Нівы», ні Tut.by, ні Onliner.by — у пуле няма.

Затое ёсць прадстаўнікі БТ, АНТ, СТБ, БелТА, «Советской Белоруссіі»… Сярод дзяржаўных журналістаў гэта праца лічыцца прэстыжнай, хоць і складанай — пастаянныя паездкі, пільны кантроль кожнага сказанага слова. Але праца ў пуле можа быць добрым плацдармам для кар'ернага росту.

Што ўяўляе сабой кантэнт «Пула першага»? Гэта тэкст, фотаздымкі і відэа.

Тэкставы стыль «Пула першага» падобны да стылю прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант (можна параўнаць з яе інстаграмам): шмат эмодзі, клічнікаў, пафасу.

Няма сумненняў, што допісы ствараюцца пад яе пільным наглядам (жарты пра бела-чырвона-белы сцяг без дазволу вышэй пулаўскія журналісты наўрад ці апублікавалі б), але, хутчэй за ўсё, чужымі рукамі.

Фатаграфіі для канала робіць нехта, хто стаіць за аператарамі. Гэта могуць быць як журналісты пула, так і работнікі службы пратакола. Здымкі атрымліваюцца аматарскія, зробленыя на просты мабільнік, а не на прафесійную камеру.

А вось відэа, наадварот, прафесійнае, часам знятае на некалькі камер і змантаванае.

Да напаўнення канала, найхутчэй, датычныя работнікі БелТА і Белтэлерадыёкампаніі.

Па-першае, пра гэта кажуць спасылкі, якія сустракаюцца ўнутры канала. То там анансуецца, што БелТА вось-вось напіша пра новага кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, то расказваецца, што МЗС Швецыі афіцыйна пераходізіць на назву «Беларусь» замест «Белай Расіі», але са спасылкай на тэлеграм Агенцтва тэленавінаў, а не наўпрост на акаўнт міністра Ан Ліндэ.

Па-другое, відэа. Напрыклад, тое, дзе Лукашэнка падчас візіту на Віцебшчыну пахваліў зімовыя народныя касцюмы навучэнак Віцебскага каледжа культуры і мастацтва. Пазней яно з’явілася ў арыгінале на БелТА з лагатыпам агенцтва.

Тое ж было і з кароткім ролікам з Бялграда, дзе Лукашэнка разам з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам ідзе па алеі і абмяркоўвае сербскія елкі.

Па-трэцяе, цытаты. Некаторыя з іх адзін у адзін паўтараюць навіны, якія публікуе БелТА, нават заўвагі рэдакцыі расстаўлены ў тых жа месцах.

Ад БелТА на мерапрыемствах з удзелам Лукашэнкі звычайна прысутнічаюць Уладзімір Мацвееў і Міхаіл Маціеўскі. Мацвееў кіруе аддзелам па асвятленні дзейнасці прэзідэнта. Маціеўскі працуе аглядальнікам. За яго аўтарствам у 2017-м выходзіла адыёзная калонка «Валтузня на Дзень Волі».

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0