Напярэдадні стала вядома, што ЕС прапанаваў беларускаму боку падпісаць пагадненне па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ў студзені ў Брусэлі. У МЗС Беларусі заяўляюць, што гатовыя гэта зрабіць хоць сёння, піша Tut.by.

— Мы цалкам гатовыя падпісваць гэтыя пагадненні з 18 верасня гэтага года, з моманту выдання адпаведных указаў прэзідэнта Беларусі. Гатовыя да канца яшчэ гэтага года, сёння, заўтра і ў любы іншы дзень, уключаючы выходныя і святочныя. Мы зацікаўлены зрабіць гэта як мага хутчэй. Калі гаворка пра студзень — то, пачынаючы з 3-га. Пры гэтым хоць у Мінску, хоць у Брусэлі. Важны вынік, а не тэхнічны бок справы.

Аднак нашы еўрапейскія партнёры за тры месяцы не змаглі завяршыць свае працэдуры і агучылі прапанову зрабіць гэта ў студзені наступнага года. Што стала прычынай гэтак доўгай унутранай працы, будзе карэктней спытаць у іх, — заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Зараз ідуць кансультацыі з еўрапейцамі па ўзгадненні даты і фармату працэдуры падпісання. Пры гэтым еўрапейскі бок папрасіў даць яшчэ тры тыдні для тэхнічнай зверкі тэксту гэтага пагаднення. Паскорыць нават гэты працэс, нягледзячы на ​​дэклараванае імкненне спрасціць свабоду перамяшчэння для беларусаў, лічаць у МЗС, еўрапейскім структурам чамусьці цяжка.

У МЗС таксама нагадваюць, што пасля падпісання пагаднення падлягаюць ратыфікацыі Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, з боку ЕС — ухвалення Еўрапейскім парламентам. І яны ўступяць у сілу ў першы дзень другога месяца пасля абмену паведамленнямі пра выкананне бакамі названых працэдур.

Таму ўжо цяпер відавочна, што пры падпісанні ў прапанаваныя ЕС тэрміны дамовы не ўступяць у сілу да пачатку дзеяння новага Візавага кодэкса ЕС, які прадугледжвае павышэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра (2 лютага 2020 года). Гэта значыць як мінімум некалькі месяцаў беларусы будуць вымушаныя плаціць за шэнгенскую візу не 35, а 80 еўра.

— Мы жывем не на Месяцы і атрымліваем заробак у беларускіх рублях. Таму выдатна разумеем, што азначае гэтая сума для грамадзян нашай краіны, якія знаходзяцца на першым месцы ў свеце па колькасці выдадзеных шэнгенскіх візаў, — кажа Глаз.

У сувязі з гэтым беларускі МЗС заклікаў еўрапейскі бок адшукаць магчымасць прыняцця ёю палітычнага ці юрыдычнага рашэння для таго, каб не павышаць, «замарозіць», тарыфы за выдачу шэнгенскіх віз беларускім грамадзянам пасля пачатку прымянення новага Візавага кодэкса ЕС аж да ўступлення ў сілу пагаднення паміж Беларуссю і ЕС аб ​​спрашчэнні выдачы віз.

— Субстантыўнай рэакцыі мы пакуль не атрымалі, але хочацца верыць, што пытанне разглядаецца, — сказаў Глаз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0