19 снежня падчас вялікай прэс-канферэнцыі Уладзіміра Пуціна слова атрымаў і беларус: нехта Іван Афанасьеў, які прадставіўся журналістам гомельскага выдання «Сельмашавец».

Ён выказаў спадзеў, што холдынг «Гомсельмаш» працягне працу на расійскім рынку, паведаміў, што прапановы па гэтай тэме накіруе ў адміністрацыі двух прэзідэнтаў:

«І нашага, і вашага»,— сказаў Афанасьеў, чым павесяліў і Пуціна, і журналістаў.

Таксама Афанасьеў падзякаваў Пуціну за ўказ аб пасмяротным узнагароджанні ветэрана Вялікай Айчыннай генерал-маёра Лізюкова ордэнам Жукава. Высветлілася, што Афанасьеў — ўнук Лізюкова.

«Віншую, у вас добрыя гены», — адказаў яму Пуцін.

Праўда, пасля гэтага зала пачала абурацца выступам Афанасьева. Але Пуцін папрасіў прысутных даслухаць прадстаўніка «Сельмашаўца». Афанасьеў запрасіў Пуціна ў Гомель: «Дзе адкрылі помнік Лізюкову і двум яго братам. Пакуль у свеце помнікі ганьбяцца, на п’едэстал узводзяцца лжывыя героі, мы гэтыя помнікі ствараем!»

Таксама Афанасьеў паведаміў пра ідэю правесці сустрэчу кіраўнікоў рэгіёнаў Расіі і Беларусі, «на палях якіх змагаліся героі-гамяльчане». Па яго словах, гэтую ініцыятыву падтрымала кіраўніцтва Гомельскай вобласці. Падтрымаць яе Афанасьеў папрасіў і Пуціна. Таксама ўручыў расійскаму прэзідэнту кнігу пра Лізюкова.

Пуцін коратка паабяцаў ініцыятыву разглядзець.

«Наша Ніва» звязалася з Іванам Афанасьевым. Ён працуе загадчыкам кафедры рускай і сусветнай літаратуры ў Гомельскім дзяржуніверсітэце, кандыдат навук, аўтар некалькіх кніг. Афанасьеў патлумачыў, што супрацоўнічае з выданнем «Сельмашавец», таму і трапіў ад яго на прэс-канферэнцыю Пуціна. Прычым, у той дзень Афанасьеў якраз быў у Маскве ў працоўнай камандзіроўцы, працаваў з архівамі.

Сам ён вельмі задаволены і прэс-канферэнцыяй, і сваім выступам на ёй, і Пуціным, і яго адказам.

«Я бачу вялікія магчымасці, бо калі памяць пра Вялікую Айчынную вайну застаецца жывой, дык яна адгукаецца ва ўсіх справах і сферах жыцця! Гэта і эканоміка, вядома ж! І ў пытанні паставак сельгастэхнікі важна знайсці магчымасці не канкурэнцыі, а супрацоўніцтва. А агульны гістарычны падмурак толькі спрыяе ва ўсіх справах, — патлумачыў Афанасьеў. —

Да таго ж, я лічу вялікай памылкай супярэчнасць паміж савецкім і нацыянальным. Савецкія героі — яны ж і нацыянальныя героі, і калі іх памяць ушаноўвае Расія, гэта вельмі добра. Атрымліваецца, яна шануе памяць нашых нацыянальных герояў, што ў гэтым дрэннага?»

Але ж у бок Афанасьева выказваліся ўжо прэтэнзіі, што замест таго, каб спытаць штосьці сапраўды актуальнае, ён засяродзіў увагу на сваім дзеде.

«А вы ведаеце, хто такі быў Лізюкоў? Не. Вось вы і адказалі на сваё пытанне. Прайшлі суткі, а вы і не пацікавіліся, што гэта быў за дзед такі, — адказаў Афанасьеў. —

А калі ў гонар беларускага героя прыедуць губернатары і будуць вырашацца пытанні рэгіянальнага ўзроўню, хіба гэта не будзе карысным для краіны? Ужо губернатар Варонежскай вобласці вельмі ініцыятыўна адгукнуўся на нашую прапанову!

Таксама быў такі момант у закуліссі — стаяць дзяўчаткі ад нейкага выдання, у іх пытаецца нейкі журналіст: а пра што вы б спыталі Пуціна? Адна з іх кажа: у мяне такая дэпрэсія цяпер, я б спытала ў Пуціна, а як ён змагаецца з дэпрэсіяй? Вось такое пытанне — ці мае яно дачыненне да інтарэсаў краіны? Калі краіна складаецца з дзяўчатак, то відаць мае. Але мне здаецца, мае дачыненне трошкі меншае, чым тыя пытанні, на якія я звярнуў увагу»

Агулам уражанні ў гамяльчука пазітыўныя. Пуцін вельмі добра трымаецца, ён у вельмі добрай фізічнай форме, адзначыў Афанасьеў.

«Я вельмі задаволены адказам Пуціна на мае пытанні. Спадзяюся, ў гэтых ініцыятыў будзе працяг», — кажа ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?