Падчас інтэрв’ю для радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна пратэстаў супраць інтэграцыі, што праходзяць у Мінску.
Галоўны рэдактар «Эхо» Аляксей Венядзіктаў спытаў: «Упершыню на маёй памяці такія масавыя пратэсты пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў падтрымку суверэнітэту. Вы разумееце гэтых людзей?»
«Канечне, я іх разумею. Канечне. Але не трэба казаць, што яны такія масавыя. Выходзілі на праспект Пераможцаў, на праспект Незалежнасці, дзе аграмадная колькасць людзей ідзе. Чатырыста чалавек — гэта ядро нашай апазіцыі, яны падымалі сцягі. Здаецца: колькі народу! Але гэта звычайныя людзі, хто з працы, хто ў магазін», — сказаў Лукашэнка.
Венядзіктаў вырашыў перапытаць яшчэ раз: «Але вы іх разумееце?»
«Канечне, разумею. Не проста разумею, я не адрынаю іх погляды. Але бяда ў тым, што яны робяць гэта дзеля нейкай палітыкі: хтосьці падказаў нешта, хтосьці праплаціў.
Яны някепска ўсе жывуць. Але гэта робіцца не дзеля абароны суверэнітэту, бо ўсе яны цудоўна разумеюць, што я ніколі не пайду на тое, ад чаго яны спрабуюць уратаваць беларускі народ. Самы галоўны абаронца незалежнасці — гэта прэзідэнт Беларусі», — адзначыў кіраўнік краіны.