«Калі дасягаць такой ступені шчырасці, то тады чаму ўжо аднаму Сталіну помнік? Пакт быў усё ж двухбаковы. Тады ўжо і Гітлеру, відаць, варта. Ergo, помнікі трэба ставіць абодвум падпісантам пакта. Вось такая гармонія двух помнікаў — тое, чаго Беларусі не хапала для поўнага шчасця», — абураецца Юрый Дракахруст.

«Атрымалася, як з інтэрв'ю «Гандэльсблат» у 1995 годзе: а што такога, парадак жа навёў фюрар, — зазначае Дракахруст. —І цікава, як такі плявок палякам у душу спалучаецца з планамі арганізаваць энергетычны рэверс з Польшчай. А тое, што палякам будзе прасцей дамовіцца з Пуціным, які іх ненавідзіць, але ўсё ж паважае як годнага ворага — гэта неяк не прыходзіць у галаву?»

«Цяперашнія межы Беларусі ніякага дачынення да «пакта» (г.зн. да комплексу савецка-германскіх дамоваў жніўня-верасня 1939 года) не маюць, — адзначае ў сваю чаргу расійскі гісторык Марк Салонін. — Першы раз, дэ-юрэ, дамовы былі ануляваныя самім фактам вераломнага нападу Германіі на СССР. Другі раз, дэ-факта, яны былі «абнулены» ў выніку панічных уцёкаў Чырвонай арміі з захопленых у верасні 39-га тэрыторый. Нарэшце, і гэта самае галоўнае, 30 ліпеня 1941 года ў Лондане быў падпісаны дагавор паміж урадам СССР і ўрадам Польшчы ў выгнанні, у першым радку якога было сказана: «Урад СССР прызнае, што савецка-германскія дамовы 1939 года датычна тэрытарыяльных зменаў у Польшчы страцілі сілу», — піша Салонін.

«І што самае дзіўнае, — дадае Салонін, — гэта тое, што прэзідэнт Рэспублікі Беларусь не ведае пра тое, што «рэальныя цяперашнія межы» яго дзяржавы зусім не супадаюць з межамі БССР узору 1939—1941 гадоў. Няўжо ў Магілёўскім педінстытуце ніхто не распавёў студэнтам пра кароткае, але запамінальнае існаванне Беластоцкай вобласці Савецкай Беларусі, Беластоцкага абкама, Беластоцкага ўпраўлення НКВД?» — іранізуе гісторык.

«Новая Польшча, якая ўзнікла ў выніку звяржэння камуністычнага рэжыму, прызнала і прызнае межы Літвы, Беларусі і Украіны, якія склаліся пасля вайны, — падкрэслівае Салонін. — Больш за тое, яшчэ на этапе стварэння падпольнага КОC-КОRа і «Салідарнасці» польскі дэмакратычны рух сфармаваў абсалютна адназначную пазіцыю: пытанне аб усходніх межах Польшчы закрытае, і закрытае назаўжды. Чаму? З павагі да Сталіна і дамоваў паміж нацыстамі і камуністамі? Не, вы памыляецеся. Прычын было дзве, і ў дадзеным выпадку ідэалы і інтарэсы дзіўным чынам супалі.

Ідэалы («за вашу і нашу свабоду») патрабавалі ўсяляк дапамагаць, а не перашкаджаць развіццю дэмакратычнага руху ў Літве, Беларусі і Украіне; любыя ж намеры да перагляду межаў непазбежна штурхнулі б народы гэтых краін у абдымкі імперскага цэнтра ў Маскве. З інтарэсамі ўсё яшчэ прасцей: Польшча страціла «крэсы всходні» (адсталыя аграрныя ўсходнія ўскраіны) у пакеце з атрыманнем Данцыга (Гданьска), паўднёвай паловы Усходняй Прусіі, нямецкай Памераніі і здаравеннага кавалка нямецкай Сілезіі з Брэслау (цяпер Вроцлаў). Любыя спробы, нават размоў аб пераглядзе пасляваенных межаў Польшчы непазбежна рэанімуюць праблему ўсходніх нямецкіх земляў, — піша Салонін. — Не-не-не, такога сёння нікому не трэба, гэтую скрыню Пандоры ніхто нават чапаць не стане. Так што за бяспеку сваёй заходняй мяжы Аляксандр Рыгоравіч можа не турбавацца», — адзначае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0