Днямі скандальны рэстаран «Паедзем паядзім» трапіў у чарговую непрыемную гісторыю. Работнікі групы кампаній «Белагра» вырашылі зладзіць там карпаратыў на Каляды — скончылася канфліктам.

Праўда, гісторыю лепш за ўсё перадае прымаўка «абое рабое».

Сітуацыя наступная: работнікі «Белагра» сабраліся ўвечары 24 снежня ў рэстаране з відам на курапацкія крыжы. Столікі браніравалі загадзя, за некалькі месяцаў, бо была вялікая кампанія з 25 чалавек.

Але ўсё пайшло не так: іх пасадзілі не на тым паверсе, на які яны разлічвалі, а пасля аматараў «паехаць паесці» не задаволілі паводзіны адміністрацыі ўстановы. У выніку госці паелі — бо прыехалі ж.

Але закідалі рэстаран негатыўнымі водгукамі на ўсіх магчымых пляцоўках:

«У выніку мінімальных перамоваў да нас запрасілі дырэктара рэстарана Святлану (яна так прадставілася). Выслухаўшы нашы прэтэнзіі, і тое не да канца, яна выказалася, што нічым дапамагчы не можа і выкінула шакавальную і недапушчальную фразу «Калі вас штосьці не задавальняе — мы вяртаем перадаплату і вы роўнай хадою выдаляецеся з установы». Ну куды мы ўсе так прыгожа апранутыя падзенемся??? Вядома ж, сціснуўшы зубы, і ўжо без святочнага настрою вырашылі застацца і хоць неяк давесці свае мэты да канца».

«Наша Ніва» звязалася з тымі, хто адпачываў у рэстаране, і з адміністрацыяй установы.

У кампаніі «Белагра» назвалі ўсё гэта «непаразуменнем» і падкрэслілі, што супрацоўнікі адпачывалі ў рэстаране не ў фармаце афіцыйнага карпаратыву, а ў фармаце «сустрэчы сяброў».

У рэстаране «Паедзем Паядзім» адмовіліся каментаваць сітуацыю. Але ж адказалі на прэтэнзіі кліентаў у пісьмовым выглядзе, пакінуўшы адказ на адзін з водгукаў.

Па словах прадстаўнікоў рэстарана, госці з «Белагра» прапанавалі «кампраміс» за свае пакуты: каб у якасці выбачэння з боку адміністрацыі ім дазволілі не аплачваць рахунак за вечар.

Натуральна, адміністрацыя рэстарана на такі «кампраміс» не пайшла, што яшчэ больш раззлавала кліентаў.

Карацей, адны «паехалі, паелі», іншыя ж апраўдалі чаканні хэйтараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?