Марцін Пшыдач, Forum
Пасла Расіі Сяргея Андрэева выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Польшчы ў сувязі з апошнімі выказваннямі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведамляе Белсат са спасылкай на намесніка кіраўніка польскага МЗС Марціна Пшыдача.
У Польшчы незадаволеныя выказваннямі Уладзіміра Пуціна і старшыні Дзяржаўнай думы РФ Вячаслава Валодзіна пра прычыны Другой сусветнай вайны. Таксама ў Варшаве абураныя заявай расейскага прэзідэнта адносна амбасадара Польшчы ў Нямеччыне Юзафа Ліпскага.
«У сваіх каментарах яны [расейскія ўлады] спрабуюць паменшыць сумесную адказнасць Савецкага Саюзу за разбурэнне міру ў Еўропе. СССР у 1939—1941 гадах быў саюзнікам Германіі», — сказаў Марцін Пшыдач.
На яго думку, такія заявы даказваюць, што міжнародныя намаганні для асуджэння не толькі нацысцкага, але і савецкага таталітарызму ўсё яшчэ неабходныя.
У сваю чаргу амбасадар Расеі ў Польшчы Сяргей Андрэеў па выніках сустрэчы ў польскім МЗС паведаміў РИА «Новости», што гутарка была «жорсткая, але цалкам карэктная».
«Мы нікому не дазволім чытаць нам натацыі», — сказаў ён.
19 і 20 снежня Уладзімір Пуцін выступіў у абарону пакту Молатава — Рыбентропа. А 24 снежня ён назваў «сволаччу і антысеміцкай свіннёй» амбасадара Польшчы ў Германіі, які паабяцаў у 1938 годзе помнік Гітлеру за высылку габрэяў у Афрыку.





