Работнікі крамы ў ГЦ на вуліцы Пятра Мсціслаўца ў Мінску звярнуліся ў міліцыю — у іх скралі касметыкі на 319 рублёў, паведамляе прэс-служба МУС.
Міліцыя паглядзела відэакамеры і высветліла, што невядомая дзяўчына ўзяла патрэбныя тавары, дастала іх з упакоўкі, зняла штрых-коды і паклала да сябе ў кішэню. Пустыя ж упакоўкі ад тавараў дзяўчына вярнула на стэлаж.
Праваахоўнікі хутка высветлілі асобу выкрадальніцы. Ёю аказалася 28-гадовая мінчанка, якая да таго ж працуе ІП.
Участковаму свой учынак яна патлумачыла тым, што дарагую касметыку яна скрала для сябе пасля таго, як сяброўкі неаднаразова хвалілі і рэкамендавалі сродкі гэтага брэнда.
Раней дзяўчына да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася.





