У Бабруйску 27 снежня прайшоў папярэдні разгляд іску супраць інтэрнэт-выдання «Бобруйский курьер» за нібыта хлуслівы матэрыял пра ход датэрміновага галасавання падчас выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў на адным з выбарчых участкаў.

Фота Аллы Шпакавай, «Бобруйский курьер».

Фота Аллы Шпакавай, «Бобруйский курьер».

«Мяне пачалі паласкаць у інтэрнэце»

Пазоў падала былая сакратарка Бабруйскай участковай выбарчай камісіі № 22 Бабруйска-Ленінскай выбарчай акругі № 78 Юлія Фурман. Падчас судовага пасяджэння яна заявіла, што матэрыял, які быў размешчаны на сайце «Бобруйский курьер» 15 лістапада пад загалоўкам «Сакратар участковай камісіі зачынілася ад назіральнікаў са скрыняй для галасавання ў сваім кабінеце» не адпавядае рэчаіснасці.

У публікацыі адзначалася, што ў адзін з дзён папярэдняга галасавання на 22-м участку ў Бабруйску падчас перапынку з 14.00 да 16.00 сакратарка засталася са скрыняй для галасавання ў кабінеце, у які ўрэшце зачыніла дзверы. У выніку назіральнікі не маглі бачыць, што адбывалася ў кабінеце, а гэта, сцвярджаюць яны, можна было выкарыстаць для фальсіфікацыі. 

Пазоўніца не аспрэчвае, што яна зачынялася ў кабінеце. Незадавальненне ў яе выклікалі словы ў матэрыяле пра тое, што нібыта была выкліканая міліцыя, якая зафіксавала яе, сакратаркі, правапарушэнне.

«Гэта хлусня. На мяне не складалі ніякіх пратаколаў, нічога не фіксавалі, — казала Фурман у судзе. — Але з тэксту «Бобруйского курьера» вынікае, што я парушальніца. Гэты матэрыял перадрукавалі іншыя рэсурсы, мяне пачалі абмяркоўваць. У мяне дзіця вучыцца ў школе, гэта і на ёй можа сказацца. Мяне пачалі паласкаць паўсюль у інтэрнэце. Гэта прынесла мне маральныя пакуты».

Адметна, што ў тэксце «Бобруйского курьера» не было сказана, што на Фурман складзены пратакол — у тым месцы публікацыі яна наогул не згадвалася.

Юлія Фурман сцвярджае, што выбарчае заканадаўства яна не парушала і мела права падчас перапынку застацца ў кабінеце. 

Што датычыць выкліку міліцыі, Галіна Смірнова, давераная асоба кандыдата Аляксандра Комара, які балатаваўся па гэтай акрузе, распавядае, што яна настойвала на тым, каб міліцыю паклікалі, і што гэта ёсць на аўдыёзапісе. Смірнова будзе выступаць як сведка на наступным пасяджэнні.  

Юлія Фурман патрабуе публікацыі афіцыйнага абвяржэння, а таксама BYN 5000 — як кампенсацыю маральнай шкоды.

Тры з паловай гадзіны суд разглядаў пазоў да газеты, якой не існуе

Юлія Фурман падала пазоў да рэдакцыі газеты «Бобруйский курьер», з разгляду якога і пачалося папярэдняе слуханне справы. Прадстаўнік сайта «Бобруйского курьера», індывідуальны прадпрымальнік і ўласнік дамена babruysk.by Віталь Санаценка, заявіў, што пазоў пададзены да юрыдычнай асобы, якая ўжо не існуе.

Газета «Бобруйский курьер» не выходзіць ужо дзевяць гадоў, фірма, якая была яе заснавальніцай, была ліквідаваная ў 2018 годзе. Перастаў існаваць і юрыдычны адрас, на які Юлія Фурман накіравала зварот. Цяпер працуе толькі інтэрнэт-выданне «Бобруйский курьер» на дамене babruysk.by.

Толькі праз тры з паловай гадзіны разгляду справы суддзя пастанавіла змяніць адказчыка з рэдакцыі газеты «Бобруйский курьер» на ІП Санаценка В. А.

Уласнік сайта babruysk.by сцвярджаў у судзе, што не можа выканаць патрабаванне пазоўніцы і апублікаваць абвяржэнне, бо ўсё, што напісана, адпавядае рэчаіснасці, і гэта могуць пацвердзіць сведкі.

Наступнае пасяджэнне адбудзецца ў судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска 16 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?