Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазель.
Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазель не выключыў, што Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз прэзідэнта Беларусі можа ў будучыні адбывацца пад эгідай арганізацыі. Пра гэта ён заявіў у эфіры праграмы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1», паведамляе БЕЛТА.
Рэнэ Фазель падкрэсліў, што Калядны турнір у Мінску праводзіцца на працягу многіх гадоў і з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным. «Магчыма, варта надаць яму статус афіцыйнага і праводзіць пад эгідай Міжнароднай федэрацыі хакея. Тым больш, тут прадстаўленая і наша каманда. Спадзяюся, будучы кіраўнік арганізацыі знойдзе магчымасць гэта зрабіць», — адзначыў ён.
Рэнэ Фазель лічыць Калядны турнір важнай падзеяй для аматараў хакея. «Тут сабраліся хакеісты, якія ўяўляюць больш як 20 краін. Гэта такое своеасаблівае яднанне — вялікая сям'я вярнулася на лёд. І я ўдзячны Аляксандру Лукашэнку за ідэю правядзення такіх спаборніцтваў і, што больш важна, за яе паспяховую рэалізацыю на працягу вось ужо 16 гадоў», — сказаў ён.
Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея назваў Беларусь краінай з багатымі спартовымі традыцыямі, дзе надаецца вялікая ўвага развіццю розных відаў спорту, у тым ліку хакея. Ён бачыць значны патэнцыял у інвеставанні ў дзіцячы хакей.
«На прыкладзе Расіі мне здаецца, неабходна ствараць акадэміі. Трэба мэтанакіравана ўзмацняць работу ў дзіцячых школах, заахвочваць спецыялістаў, каб яны хацелі трэніраваць новае пакаленне хакеістаў. Тады хлопцы, якім ад 6 да 18 гадоў, будуць заставацца ў гэтым спорце», — лічыць Рэнэ Фазель.
Гаворачы аб правядзенні ў 2021 годзе чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску і Рызе, ён выказаў упэўненасць у тым, што чэмпіянат пройдзе на высокім узроўні.