Сёння ў сацыяльных сетках з'явілася відэа, знятае, як мяркуецца, у прамысловай зоне па вуліцы Талстога ў Лідзе. Рабочыя прывязалі карову да грузавіка і цягнулі па асфальце, піша Tut.by.
На ім прывязаную за адну нагу тросам да грузавіка карову перацягваюць праз бетонны плот і яна падае на асфальт. Жывёла не паспявае падняцца, як двое мужчын (адзін — у фартуху) даюць сігнал кіроўцу, і аўтамабіль далей цягне карову па асфальце.
«Яна яшчэ жывая! — абураецца аўтар відэа. — Што яны робяць! Каты! Глядзі, куды паехалі. Яны чаго, вывозяць за вароты? Яны ўзважваць яе, хіба, павезлі!»
Карова спрабавала вырвацца і брыкалася, але яе цягнулі як мінімум некалькі дзясяткаў метраў. На кузаве машыны ёсць надпіс «Прадукты».
Як высветліў Tut.by, ролік для публікацыі перадаў не асабіста аўтар, а яго знаёмы. Па словах гэтага чалавека, відэа знята сёння. І падзеі адбываюцца на бойні каля Лідскага мясакамбіната, а менавіта па адрасе вуліца Талстога, 14Е.
Вядома, што сам мясакамбінат яшчэ ў 2018 годзе быў прызнаны банкрутам, а спыніў працу яшчэ раней.
Разам з тым, па словах мясцовых, побач ёсць цэх па забоі жывёлы, які належыць іншаму прадпрыемству.
Паводле рэестру на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду, па вуліцы Талстога ў Лідзе зараз зарэгістраваны толькі адзін цэх па забоі буйной рагатай жывёлы і свіней, і ён належыць Лідскаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства.
Калі параўнаць будынкі на кадрах з відэа з Google-картамі гэтага прадпрыемства са спадарожніка, то ўсё супадае.
Калаж: скрыншот відэа з суполкі vk.com/lida.city і скрыншот google.com/maps.