Чытаю ў «Нашай Ніве»: «Ландсбергіс: Няма ў свеце іншай краіны, якая пасля CCCР зрабіла б Літве такую ​​гадасць, як Беларусь у Астраўцы».

Ландсбергіс агучыў чарговы раз агульналітоўскую думку, якую вельмі любяць агучваць і ў нас. І кожны раз пасля такіх выказванняў я чую хор спачуваючых галасоў: так-так, бедныя літоўцы, не пашанцавала нашым суседзям, што побач з імі жывуць такія цёмныя беларусы. У іх — цывілізаваная Еўропа, дзе электраэнергія толькі зялёная, дзе ўсе ездзяць на электрамабілях, усе ўсміхаюцца адно аднаму, дзе дэмакратыя, шчасце і паліткарэктнасць.

Фота: Надзея Бужан.

А вось у нас — беларусы-варвары, смярдзячыя ізатопамі атамныя станцыі, хмурыя твары, дажынкі, хакей і мазаічная псіхапатыя. Хм, з апошнім, праўда, я і сам пагаджуся. І вось гэтыя балотныя вар'яты вырашылі пабудаваць свайго ўранавага монстра ля самай літоўскай мяжы, недалёка ад Вільні, у чыстым і азёрным краі. І ўсё толькі для таго, каб зрабіць свабоднай і дэмакратычнай Літве найвялікшую гадасць.

Ведаеце, Літва мае рацыю, калі кажа такія словы. Але і Расія са свайго пункту гледжання мае рацыю, калі захапіла Крым. І ЗША мае рацыю, калі трасе прабіркай з «біялагічнай зброяй» у ААН. І данбасаўскія бандыты па сваіх паняццях маюць рацыю, калі помсцяць украінцам за распятага хлопчыка ў трусіках. І мы, канешне, таксама маем рацыю. Не менш за астатніх.

Колькі б мы ні захапляліся мараллю і этыкай — на міжнародным узроўні дзейнічаюць звычайныя законы прыроды: хто дужэйшы, спрытнейшы, хітрэйшы — той і выжывае. Гэта могуць запакоўваць у прыгожую дэмагогію пра дэмакратыю, экалогію, братэрства народаў, але прыгожая абгортка не адмяняе самой драпежніцкай сутнасці. І захапляцца гэтай дэмагогіяй — марная справа, бо калі вы ў саване сам-насам сустрэнецеся з ільвом, то вам не дапаможа Кіплінгава «мы з табой адной крыві». Вам дапаможа стрэльба нармальнага калібру.

Таму для тых, хто так спачувае бедным братам-літоўцам, варта нагадаць, што якраз у іх ля самай беларускай мяжы, у сэрцы азёр Браслаўшчыны на працягу 26 гадоў працавала самая сапраўдная атамная станцыя, якая забяспечвала да 88 % усёй літоўскай электраэнергіі. І колькі вы ні кажыце, што Ігналінская АЭС проста засталася там пасля распаду СССР, Літва проста так зачыняць яе зусім не хацела. Рэактары былі мадэрнізаваныя і абсалютна бяспечныя, выпрацоўка энергіі заставалася высокарэнтабельнай. І зачынілі яе толькі пад ціскам Еўразвязу, які свае палітычныя мэты таксама загарнуў у прыгожую абгортку бяспекі і экалагічнасці. І сховішча небяспечных ядзерных адкідаў ля возера Дрысвяты, дарэчы, арганізавала не Беларусь, а Літва.

«Савецкая спадчына» — скажаце вы? Але чым тады патлумачыць намеры Літвы пабудаваць Вісагінскую АЭС у тым жа месцы ля нашай мяжы? Яшчэ 2—3 гады таму я заходзіў на сайт гэтай станцыі і чытаў пра будучае сэрца літоўскай энергетыкі. У 2016 годзе праект замарозілі з-за неспрыяльнай сітуацыі на рынку электраэнергіі. І стварыла, відаць, гэтую сітуацыю якраз Беларусь, утыркнуўшы сваю станцыю ў тым жа рэгіёне. Таму пішуць цяпер літоўцы пра «гадасць», бо давядзецца ім або купляць нашу неправаслаўную энергію, або яшчэ даражэй закупляць яе ў еўрапейскіх партнёраў.

У самой нашай АЭС ёсць і мінусы, і плюсы. Сярод мінусаў — «Няўжо вам аднаго Чарнобылю мала?», падаючыя рэактары і ўпэўненасць у тым, што калі нешта пойдзе не так — нам ізноў не скажуць. Але сярод плюсоў — істотны рост магутнасці нашай энергасістэмы, які ў перспектыве абавязкова спатрэбіцца, а таксама змяншэнне залежнасці ад расійскіх рэсурсаў (паліва загружаецца на станцыю на некалькі год, і пры вялікім жаданні купіць яго можна не толькі ў Расіі). Будаваць ці не будаваць — выбар любога з гэтых варыянтаў мае пэўны сэнс.

Таму калі я чую чарговы енк з-за літоўскай мяжы пра нашу электрастанцыю, гэты стогн гучыць для мяне гэтак жа сама, як для літоўцаў гучыць наш плач па Вільні.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру