У нядзелю, 19 студзеня, каля 15 гадзіны ў Мінску быў затрыманы маладафронтавец Піліп Шаўроў. Ён змог датэлефанавацца да сваіх паплечнікаў з РУУС Цэнтральнага раёна.

Піліп Шаўроў. Фота з facebook.com.

Піліп Шаўроў. Фота з facebook.com.

«Ён нам паведаміў, што затрыманы ў рамках крымінальнай справы за графіці «Свабоду Севярынцу», а таксама за помнік расійскаму паэту Пушкіну, рукі якога нехта вымазаў чырвонай фарбай», — паведаміў «НН» лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч.

Учора мусіў прайсці вобшук у кватэры Шаўрова, але паплечнікі пакуль не ведаюць, ці ён адбыўся. «У ізалятары на Акрэсціна нам паведамілі, што ён там, але не патлумачылі, у якім статусе там знаходзіцца», — кажа Урбановіч.

Як паведаміла ў сваім тэлеграм-канале прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава, у нядзелю Піліп сам прыйшоў у міліцыю і прызнаўся, што гэта менавіта ён размаляваў помнік.

Матыў свайго ўчынку хлопец не патлумачыў, але распавёў пра тое, што спланаваў свае дзеянні загадзя: прадумаў маршрут, купіў тры балоны з фарбай, а пасля яе нанясення на помнік закапаў балоны каля Цнянскага вадасховішча.

Піліпу Шаўрову 25 гадоў. У «Маладым фронце» ён ад 2016 года. Родам з Віцебска. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ, працаваў у адным з банкаў Мінска. Жанаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?