Сяргей, праграміст год трыццаці, нечакана атрымлівае званок. Кур'ерская служба вязе яму пасылку: «Мы будзем у вас цягам гадзіны, добра?» Сяргей пагаджаецца. Кур’еры прыязджаюць, але пасылку не аддаюць: «У нас такі парадак. Мы абяцалі быць у вас цягам гадзіны». Гадзіну чужыя людзі прабудуць у яго кватэры. Для чаго? Завязка для трылера і фільма жахаў… 

Фота Кацярыны Арціменя са старонкі Art Corporation у фэйсбуку.

Гэты спектакль узнімае тую ж тэму чалавека і ўлады, што і папярэдні спектакль рэжысёра Дзмітрыя Багаслаўскага паводле тэкста Дзмітрыя Данілава «Чалавек з Падольска» (яго можна пабачыць у Маладзёжным тэатры). Журы прэстыжнай прэміі «Залатая маска» назвала «Чалавека з Падольска» найлепшай расійскай п'есай 2018 года, а спектакль Багаслаўскага па выніках таго ж года адным з найлепшых назвалі беларускія крытыкі. Чалавек у гэтай п'есе сапраўды быў самым простым хлопцам Колем з Падольска, а ўлада ўвасаблялася паліцэйскімі, якія склалі на яго пратакол: маўляў, Коля не ўспрымае і не паважае Рэчаіснасць (з вялікай літары, бо так «паложана»).

У п'есе «Сярожа вельмі тупы» канфлікт пададзены не настолькі ў лаб. Улада кур'ераў загадкавай «службы дастаўкі» ўмоўная. Яны былыя вайскоўцы, супраць іх нельга выклікаць паліцыю або фізічна выштурхаць са сваёй кватэры. І вось яны прыйшлі, і застаюцца. Як сябе паводзіць гаспадару?

Кур'еры службы дастаўкі прагаварыліся, што маюць высокі IQ, гэта выклікае ў Сярожы смех. Навошта простым кур'ерам разумнасць? Сярожа-праграміст добра прыстасаваўся да сучаснага жыцця: працуе над банкаўскай прыладай для смартфонаў, мае кватэру, жанаты. З пункту гледжання сучаснага жыцця яго ніяк нельга назваць «тупым». Але ў прысутнасці трох мужчын у сваёй кватэры ён не можа вось гэтую сваю «разумнасць», гэты камфортны матэрыяльны і сацыяльны стан, ніякім чынам рэалізаваць. На тыя пытанні аб смерці, хваробах, дзецях, якія ўзнікаюць падчас няскладнай трывожнай размовы, ён адказаць не можа.

Гледачы ў зале сядзяць насупраць адзін аднаго, на адной з дзвюх трыбун. Кватэра Сярожы зроблена ўмоўна, без сцен, дзве канапы на колках, свяцільнікі, на падлозе дываны, двое дзвярэй вісяць у прасторы. Унутры пакоя ўсё ўвесь час рухаецца, кружыцца. Няма нічога пэўнага, няма ніякай сценкі, да якой можна прыхіліцца. Галоўны герой Сярожа адчувае сябе безабаронным пад пільнымі позіркамі гэтых дзіўных кур'ераў, і рэжысёр Багаслаўскі робіць яго кватэру і жыццё такім жа празрыстым для гледачоў. Акцёры ходзяць па гэтым невялікім квадраце сцэны, як дзікія звяры па клетцы.

Усе тры кур’еры, хоць і сыграныя яны вельмі па-рознаму (вылучаецца Аляксандр Шароў), але аднолькава самаўпэўненыя, нібы далучаныя да нечага вышэйшага, але сыграны яны вельмі па-рознаму. А вось Сяргей-праграміст (Дзмітрый Давідовіч) не ўпэўнены ні ў чым, і гэтым адлюстроўвае дух нашага часу, які не гарантуе спакой і стабільнасці нават тым, у каго ёсць грошы, праца, пасада.

Яшчэ больш пытанняў узнікае са з'яўленнем Машы, жонкі Сяргея, маладой строга апранутай жанчыны, якая спакойна і ветліва сябе трымае пры незнаёмцах. Яна ўваходзіць на моманце, калі госці спяваюць песню. «Жудасць нейкая!» — усклікае Сярожа. «Чаму жудасць? Вельмі прыгожы спеў…» — парыруе Маша, як быццам бы яна дакладна ведае, што гэта за госці і навошта яны прыйшлі.

Фота Кацярыны Арціменя са старонкі Art Corporation у фэйсбуку 

Маша быццам бы не баіцца, не хвалюецца. У паветры вісіць трывога і страх. А яна — які эфектны эпізод — прапануе гасцям чаю. Што далей?..

Фота Кацярыны Арціменя са старонкі Art Corporation у фэйсбуку 

У спектаклі класны фінал (мастачка Лідзія Малашэнка зрабіла цікавую работу, за выняткам хіба недарэчных касцюмаў кур'ераў), але многія загадкі так і застануцца неразгаданыя.

«Сярожа вельмі тупы» — гэта спектакль пра страхі нашага сярэдняга класа, пра крохкасць нашых «ячэек жыцця» і пра тое,як лёгка розум робіцца бездапаможны. Абавязкова схадзіце.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру