Калі разумныя (без іроніі) аглядальнікі заяўляюць, што вось цяпер ужо ўсё сур’ёзна і па-сапраўднаму, «гэта ўжо не торг», «Лукашэнка нарэшце зразумеў» і гэтак далей, прагназуючы моцны стратэгічны раздор паміж Масквой і Мінскам і значныя пастаўкі альтэрнатыўнай нафты ў Беларусь, — прызнаюся, мне шчыра хочацца гэтым аргументам верыць. Але на шляху да захопленай веры ёсць 2 істотныя праблемы: 1. «Практыка — крытэрый ісціны» і 2. «Опыт, сын ошибок трудных».

Ніжэй я прывяду цытаты Лукашэнкі розных гадоў наконт неабходнасці закупляць нерасейскую нафту.

«Неадкладна прапрацаваць наяўныя варыянты па альтэрнатыўных пастаўках энергарэсурсаў у Беларусь. Мы не можам далей трываць такую залежнасць і прыніжэнне ад адной дзяржавы» — 6 лістапада 2002 года.

«Нам трэба дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў у краіну. Гэта пытанне жыцця і смерці нашай дзяржавы. Гэта наша звышзадача. І яе трэба вырашыць. Прычым у рамках жорсткай эканоміі бюджэтных сродкаў. Мы ў стане гэта зрабіць і зробім» — пасланне парламенту 14 красавіка 2004 года.

«Нам трэба працаваць над дыверсіфікацыяй імпарту энергарэсурсаў, вуглевадароднай сыравіны. Гэта найважнейшая задача, над якой сёння працягвае працаваць наш урад» — 14 студзеня 2007 года.

«Будзем дыверсіфікаваць пастаўкі. Калі да нас будзе ўжываць Расія загараджальныя пошліны, непрымальныя для нас, як гэта зроблена, вядома, мы будзем шукаць нафту там, дзе нам зручней і дзе лепш» — 4 мая 2010 года.

«Без расейскай нафты мы абыдземся. Нам будзе вельмі цяжка… Але свабода, незалежнасць не ацэньваецца ніякімі грашыма» — 3 лютага 2017 года.

«Мы купім на рынку нафты, сёння нафты купляй колькі хочаш — пытанне ў цане» — 1 сакавіка 2019 года. 

Скажу адразу: я не бачу нічога радыкальна іншага, чым цяперашні канфлікт адрозніваецца ад усіх ранейшых. Усё ўжо было: і азербайджанская нафта, і венесуэльская, і значна больш грозныя словы пра «тэрарызм на найвышэйшым узроўні», і «Хросныя бацькі» — і ўсё вярталася.

Так што прыпынення сяброўства Беларусі ў ЕАЭС, вываду расейскіх ваенных аб’ектаў, адключэння расейскіх тэлеканалаў, закрыцця мяжы — нічога з гэтага, што спрагназаваў (ладна, не спрагназаваў, а прадставіў) Арцём Шрайбман у якасці «палітычнай фантастыкі», нічога з гэтага ў найбліжэйшыя год-два не адбудзецца. (А калісьці можа адбыцца, асабліва ж пасля змены ўлады.)

Яны зноў пра ўсё дамовяцца. Не ведаю, хто больш прагнецца ад сваёй цяперашняй пазіцыі — як мне падаецца, Расея. Але дамовяцца. Надта блізкія і роднасныя рэжымы, надта самотныя гэтыя «два одіночества» на сусветнай мапе, каб сур’ёзна пасварыцца.

Больш за тое. Я магу даць свой цалкам сур’ёзны (не ў якасці фантастыкі) прагноз. Паводле вынікаў 2020 года ў агульным аб’ёме пастаўленай нафты ў Беларусь нерасейская зойме не больш за 10 працэнтаў. Хутчэй за ўсё, гэта ўвогуле будуць чыста сімвалічныя лічбы, але я скажу асцярожна: не больш за 10 працэнтаў. Хто-небудзь хоча паспрачацца?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?