У «цукровай справе», у рамках якой затрымана начальства ўсіх чатырох беларускіх цукровых камбінатаў, ёсць і іншыя імёны.
Затрыманні адбыліся на ўсіх чатырох цукраварнях Беларусі, але аперацыя гэтым не абмежавалася. Закранутыя яшчэ некалькі ўплывовых структур.
За апошнія дні знікла яшчэ і начальства Беларускай цукровай кампаніі, якая рэпрэзентуе інтарэсы ўсіх беларускіх цукровых камбінатаў на расійскім рынку.
Гэтую кампанію ўзначальвае Дзмітрый Кірылаў. Са словаў маскоўскай сакратаркі, ён у камандзіроўцы.
Таксама «знік» пляменнік затрыманага дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Сяргей Крыштаповіч, які некалі ўзначальваў холдынг «Мясамалпрам».
Чытайце: Крыніцы: Затрыманыя дырэктары ўсіх чатырох цукровых заводаў Беларусі
Нагадаем, што з рэйса Мінск — Мюнхен, які пасадзілі ў Гродне, знялі дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла Крыштаповіча.
Міхаіл Крыштаповіч. Скрыншот.
Пасажыры самалёта казалі, што ў салоне нібыта агучвалася прозвішча «Руднік». Аднак, як выявілася, гаворка ішла пра Прудніка. Мікалай Пруднік — дырэктар Слуцкага цукрарафінаднага камбіната.
Відавочцы распавялі журналістам SlutskGorod, што ў доме дырэктара завода ў суботу прайшоў ператрус. Мабільны тэлефон Прудніка сёння недаступны, на прадпрыемстве адказваюць: аб затрыманні кіраўніка нічога не вядома.
Падобная сітуацыя і з яшчэ адным цукровым заводам, у Жабінцы. «Віртуальны Брэст» паведаміў пра затрыманне яго дырэктара Віктара Міронава.
Блогер Нехта сцвярджае, што затрыманы і дырэктар чацвёртага, Скідзельскага камбіната. У прыёмнай прадпрыемства карэспандэнту «Нашай Нівы» паведамілі, што Дзмітрыя Ягорава на працы няма.
Дзмітрый Ягораў.