Гэтая складанка нарадзілася з пяшчоты да жанчын, якія і сёння жывуць у вёсцы Цяхцін, што ў Бялыніцкім раёне. Мы пазнаёміліся ў 2011 годзе. Тады, робячы запісы на просценькі дыктафон, я мала цяміла ў традыцыйным спеве, запісвала, бо раней такога не чула і разумела рэдкасць моманту. Мы правялі разам некалькі гадзін, было весела і ўтульна, бы ў кампаніі старых сяброў. Гэтыя людзі ўмеюць быць добрымі і шчырымі. Адчуваюць прыгожае і шануюць былое. Пераствараюць яго праўдзіва, дзеля радасці і нейкага агульнага парадку ў свеце.

У Цяхціне спявалі здаўна, а напрыканцы 80-х утварыўся вялікі спеўны гурт. Туды ўвайшлі жанчыны розных гадоў і прафесій, спявалі сваё, перанятае ад старэйшых сваякоў і аднавяскоўцаў. Сёння гурта няма. Але песні засталіся.

Асабліва хочацца расказаць пра Ефрасінню Максімаўну Буймістраву.

Маленькая жанчына, па-вулічнаму проста «Прося», пражыла складанае жыццё: пасляваенная галеча, немагчымасць хадзіць у школу, бо «няма ў чым», мары з’ехаць на цаліну. Потым было замужжа і чацвёра дзяцей. Ёй і сёння вельмі няпроста. Магчыма, спеў робіць гэтае быццё трошку больш радасным.

Ефрасіння Максімаўна спявае з дзяцінства, «што дзе чула — то і цягнула». За 9 год нашага знаёмства ад яе запісана больш за 150 песень: каляндарныя і сямейна-абрадавыя, бяседныя, рамансы, балады, прыпеўкі. Песні на любы выпадак жыцця і настрой.

У гэтай складанцы — тое, што падалося найбольш цікавым. Хацелася пазнаёміць слухачоў з рознымі жанрамі, напевамі і сюжэтамі адной вёскі. Тут знакамітая балада пра Цмока, рэдкі сюжэт лірніцкай песні пра святога Ляксея, цудоўныя ўзоры велічальных калядак, вясёлыя масленічныя «брахліўкі».

Спявалі: Ефрасіння Максімаўна Буймістрава, Тамара Мікалаеўна Хрушчова, Зінаіда Тарасаўна Цумарава, Галіна Цумарава.

Запісвалі: Марыя Варахоб, Алена Цумарава, Алесь Варахоб, Кастусь Канцавы, Ганна Сілівончык, Вольга Сямашка.

Запісы рабіліся ў розны час, у розных умовах, на розную тэхніку. Таму прадстаўленыя трэкі так розняцца па якасці. Даруйце за недасканаласці гуку.

Жанры песень, прывязанасць да свята ці падзеі, пазначаныя са слоў спявачак.

Прыемнага праслухоўвання!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?