Прагрэс Беларусі ў пытаннях правоў чалавека, свабоды прэсы і ўзмацнення ролі грамадзянскай супольнасці — адзіны варыянт для поўнага зняцця санкцый, заявіў Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, піша Tut.by.
Фота: Вольга Шукайла, Tut.by.
У ЗША бачаць, што сёння сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшала, і Штаты гатовыя працягваць супрацоўніцтва з краінай, каб прагрэс быў больш адчувальным.
— Мы разгледзім, якія мы можам зняць санкцыі і ў выніку чаго. Пакуль што мы да гэтага пункту не дайшлі, але ў такія моманты, як сёння, усё нас набліжае да гэтай мэты, — заявіў Дзяржсакратар ЗША.
Кіраўнік Дзярждэпу падкрэсліў, што дыпламатычныя адносіны паміж краінамі палепшалі, колькасць дыпламатаў падвоілася — гэта карысна для ЗША і Беларусі.
— Замежная палітыка Трампа «Амерыка — перадусім» у першую чаргу накіравана на ўзмацненне бяспекі. І вы бачыце, што мы зрабілі ва Украіне, павялічыўшы інвестыцыі ў яе. Гэта ўсё зроблена для ўзмацнення бяспекі ва Украіне. Гэта тое, што не змагла зрабіць папярэдняя Адміністрацыя [прэзідэнта ЗША] — яны несур'ёзна паставіліся да сваіх абавязацельстваў у забеспячэнні бяспекі. Мы працягнем рабіць гэта і тут, у Беларусі, — заявіў Пампеа.