У пятніцу кіраўнік урада шатландскай аўтаноміі Нікола Стэрджэн паабяцала, што Шатландыя вернецца ў Еўрапейскі саюз — але ўжо ў якасці незалежнай дзяржавы, піша BBC.
Мітынгі і шэсці супраць брэксіта прайшлі ў Эдынбургу, Глазга, Абердзіне, Дандзі і іншых шатландскіх гарадах. У іх удзельнічалі дэпутаты брытанскага парламента ад Шатландскай нацыянальнай партыі (ШНП), якую ўзначальвае Стэрджэн.
Яны называлі Шатландыю еўрапейскай краінай і патрабавалі яе хутчэйшага вяртання ў ЕС.
На рэферэндуме ў 2016 годзе 62% шатландцаў прагаласавалі супраць выхаду з Еўрасаюза.
У дзень брэксіта Стэрджэн выступіла з прамовай, у якой заклікала сваіх прыхільнікаў працягваць барацьбу за новы рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі і набрацца цярпення.
Стэрджэн падкрэсліла, што волевыяўленне павінна прайсці толькі ў рамках закона — гэта значыць са згоды брытанскага ўрада.





