kremlin.ru
Аляксандр Лукашэнка 7 лютага плануе сустрэцца з Уладзімірам Пуціным. Пра гэта кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў сёння журналістам у час наведвання Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы», перадае БЕЛТА.
«Хутчэй за ўсё 7 лютага мы сустрэнемся з прэзідэнтам Пуціным. Я так разумею, і пра гэта яму буду казаць адкрыта, — нейкі момант ісціны надышоў. Мы з ім стварылі гэтыя добрыя адносіны (паміж Беларуссю і Расіяй). Мы былі архітэктарамі гэтых адносін. Ці нам іх ламаць на зыходзе нашай палітычнай кар'еры. Мы ж не вечныя. Што мы пакінем пасля сябе — вось у чым пытанне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што Беларусь хоча самых цёплых, добрых і сяброўскіх адносінаў з расійскім народам. «Але калі вы паабяцалі за 5 гадоў (калі «Белтрансгаз» купілі) вывесці нас на ўнутрырасійскія цэны, дык выводзьце. Навошта ж вы нас падманваеце? Прытым не падманваеце, а думаеце, што мы пра гэта забыліся», — заўважыў беларускі лідар.
«Мы хочам проста сумленных, чыстых, празрыстых адносінаў. Не жадаеце — хай скажуць нам пра гэта. І не крычаць: «Ах, Пампеа прыехаў. Заўтра Трамп прыедзе… Што яны будуць рабіць?» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь, як суверэнная і незалежная краіна, вызначае, якую праводзіць знешнюю палітыку. «Ці мы гэтым нашкодзілі Расеі? Не», — дадаў ён.
«З нагоды таго, куды мы глядзім, калі каго-небудзь з расейцаў гэта хвалюе, то няхай яны паглядзяць на свайго двухгаловага арла — яны глядзяць і туды і сюды. А мы ў цэнтры. Таму мы глядзім, што адбываецца навокал. І мы не Расія. Гэта «мядзведзь» — велізарная краіна. Ім можна глядзець на ўсход, захад і больш нікуды, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А мы калі толькі штосьці праваронім, дык нашаму арлу і галаву адкруцяць, і пахаваюць. Таму мы вакол глядзім, маніторым і жывем сваім розумам».
Адказваючы на пытанні журналістаў, Лукашэнка закрануў тэму перамоваў вакол паставак энергарэсурсаў. «Што мы просім цяпер ад расейцаў (яны там у позу ставілі і нас на калені спрабуюць паставіць): калі вы не можаце ў Еўразійскім саюзе бяспошлінна нам паставіць нафту (падатковым манеўрам замянілі, дурачкоў знайшлі), прадайце нам па сусветных цэнах», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Ён заявіў, што ў Расеі не згаджаюцца на такія прапановы і настойваюць яшчэ на істотнай прэміі кампаніям звыш за пастаўку нафты ў Беларусь. «А як вы Венгрыі, Польшчы, Захаду пастаўляеце? Без прэміі. Хіба можа так старэйшы брат ставіцца да самага блізкага народу?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Ён канстатаваў, што нават у расійскіх СМІ, нягледзячы на прапаганду, з'явіліся і разумныя галасы, якія кажуць, што з беларусамі так нельга.
«Прытым мы ж не просім у іх ніякіх грошай. Мы ўжо і крэдыты ім заплацілі за мінулы год, не перакрыдытоўваліся. А калі казаць наконт крэдытаў, дык амерыканцы ім плацяць 1,5% за тое, што яны там валюту трымаюць, а мы ім плацім ад 4% да 6%. Шчасце нам падарылі — $1 мільярд штогод мы Расіі плацім. Яны ўдала размясцілі свае грошы», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што цяпер Беларусь не прасіла ў Расіі крэдытаў і прапануе супрацоўніцтва. «Не, не хочацца. Хочацца, разумееце, па-візантыйску па галаве ўдарыць і нахіліць. Навошта гэта трэба?» — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«Мы гатовы супрацоўнічаць. Але гэта павінна быць сумленна, празрыста і шчыра. Ня просім нічога дадаткова да таго, як яны працуюць на Захадзе. Сёння $127 за 1 тыс. куб. м газу прапанавалі. Спотавыя цэны ў Еўропе — да $100 газ каштуе. Мы ж таксама бачым, што ў свеце адбываецца, і лічыць умеем. Таму не трэба крычаць, што вы нас корміце. Хто каго корміць, паказвае тавараабарот. У нас сёння адмоўнае сальда ў знешнім гандлі з Расіяй $9 мільярдаў. Гэта значыць, яны ў нас прадаюць на $9 мільярдаў больш, чым купляюць. Дык хто каго корміць? Спецыялісты гэта разумеюць. А ідзе прапаганда, пачынаюць ужо расейцаў настройваць супраць Бацькі Лукашэнкі і Беларусі. Навошта ім гэта трэба? Сышлі тыя часы, калі крычалі, што Лукашэнка схопіць шапку Манамаха», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Таму не трэба баяцца. Трэба наладжваць адносіны. Нам трэба перадаць новаму пакаленню тое, што мы зрабілі, прытым у годным выглядзе», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.