Фота з інстаграма Дональда Трампа

Фота з інстаграма Дональда Трампа

Увечары 4 лютага прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Кангрэса са штогадовым дакладам аб становішчы краіны, адзначае Радыё Свабода. Даклад, зроблены за дзевяць месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў, прагучаў як перадвыбарчы выступ прэзідэнта, які змяшчае справаздачу аб дасягненнях і прамую крытыку ў адрас апанентаў.

Паводле прэзідэнта Трампа, тры гады ягонага прэзідэнцтва вярнулі Злучаным Штатам росквіт: памяншэнне рэгулявання эканомікі, зніжэнне падаткаў і заключэнне новых гандлёвых дамоваў сталі галоўнымі прычынамі ўстойлівага эканамічнага росту апошніх гадоў.

Паводле Трампа,

  • за тры гады было створана 7 мільёнаў новых працоўных месцаў,
  • беспрацоўе знізілася да найніжэйшага за 50 гадоў узроўню,
  • рэкордна нізкае беспрацоўе і рэкордна высокая занятасць зафіксаваныя сярод афраамерыканцаў,
  • рэзка знізіўся ўзровень беднасці, ЗША ператварыліся ў найбуйнейшага ў свеце самадастатковага вытворцу энэргарэсурсаў.

Трамп зрабіў акцэнт на тым, што ўсяго гэтага ўдалося дамагчыся дзякуючы таму, што ён перакрэсліў палітыку адміністрацыі свайго папярэдніка дэмакрата Барака Абамы. Падчас прамовы ён уступіў у амаль адкрытую палеміку з апанентамі з Дэмакратычнай партыі па розных пытаннях.

Сярод іншага,

  • апаніруючы дэмакратам, якія патрабуюць дадатковых сродкаў на дзяржаўныя школы, Трамп заклікаў Кангрэс вылучыць грошы на праграму дапамогі бацькам, якія хочуць адправіць дзяцей у прыватныя школы, а не «ў недзеяздольныя дзяржаўныя школы»;
  • абвясціўшы пра поспехі спробаў перапыніць плынь нелегальнай міграцыі ў ЗША, Трамп абвінаваціў дэмакратаў у падтрымцы нелегалаў, якіх некаторыя штаты і гарады не выдаюць на патрабаванне федэральнай іміграцыйнай службы і даюць ім бясплатнае медыцынскае абслугоўванне;
  • заявіўшы, што ён згарнуў палітыку пашырэння сувязяў з Кубай, прэзідэнт Трамп абвясьціў, што ЗША аднавілі падтрымку дэмакратычных сілаў у Лацінскай Амерыцы.

Гаворачы пра планы, Трамп, сярод іншага, заявіў пра

  • неабходнасць скончыць амерыканскую вайсковую прысутнасць у Афганістане,
  • намер кінуць значныя сродкі на абнаўленне інфраструктуры краіны, на арганізацыю палётаў на Месяц і Марс і на канчатковую перамогу над эпідэміяй СНІДа, якая, паводле яго, можа быць дасягнутая да канца дзесяцігоддзя,
  • падкрэсліў стаўку на ўмацаванне абараназдольнасці ЗША, значнае павелічэнне абароннага бюджэту.

Назіральнікі адзначылі прыкметнае адрозненне рэакцыі аўдыторыі ў зале на прапановы прэзідэнта. Заканадаўцы-дэмакраты амаль не апладзіравалі прэзідэнту. А некаторыя з яго заяваў былі сустрэтыя гулам абурэння з іх боку. Дзесяць заканадаўцаў-дэмакратаў байкатавалі зварот прэзідэнта да Кангрэса.

Падчас выступу Трамп нічога не сказаў пра працэс імпічмэнту, які павінен завяршыцца 5 лютага галасаваннем у Сенаце ЗША. Рэпарцёры заўважылі, што перад пачаткам выступу ён не падаў руку спікеру Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, якая ініцыявала працэс імпічменту. Адразу пасля завяршэння выступу Пэлосі, якая займала разам з віцэ-прэзідэнтам ЗША Майкам Пэнсам адно з двух старшынскіх крэслаў, разарвала тэкст выступу Трампа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?