31 студзеня ўвечары ў КПП «Лаварышкі» мытнікі праверылі груз дошак з Беларусі і знайшлі тайнік з 280 тысячамі пачак цыгарэт. Сёлета гэта найбуйнейшы кантрабандны груз з затрыманых у Літве. Яго кошт — амаль мільён еўра, паведамляе abw.by.

Кіроўца цягача Iveco, беларус, прыбыўшы ў пункт пропуску, распавёў мытнікам, што вязе ў Літву дошкі. Але мытнікі ведалі, што драўніна часцяком з'яўляецца прыкрыццём для кантрабанды, і вырашылі праверыць грузавік з дапамогай мабільнай сістэмы рэнтгенаўскага кантролю. Яны выявілі вялікую партыю кантрабандных цыгарэт — 280.000 пачак сямі марак. Агульны кошт затрыманага грузу — 977.000 еўра з усімі падаткамі. Цыгарэты знаходзіліся ў першай палове паўпрычэпа, а ў другой у сярэдзіне афіцыйнай загрузкі таксама была пустая поласць, у якую былі загружаныя цыгарэты.

Кіроўца і груз затрыманыя, распачата расследаванне. 2 лютага суд дазволіў узяць кіроўцу пад арышт на месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0