У Лідскім возеры ледзь не патанула дзіця. Яго выратаваў 20-гадовы Леанід Здановіч, які выпадкова апынуўся побач. Інцыдэнт адбыўся 4 лютага, піша lidanews.by.

Леанід Здановіч. Фота lidanews.by.

Леанід Здановіч. Фота lidanews.by.

«Я ішоў па набярэжнай — вяртаўся з воркаут-пляцоўкі на Лідскім возеры, дзе трэніраваўся. Пачуў, як жанчыны крычаць: «Дзіця тоне». Я кінуў пакет з красоўкамі, пераскочыў праз агароджу і скокнуў у ваду», — распавёў Леанід.

Браты 9 і 11 год вярталіся дамоў са школы. Пакуль адзін чакаў аўтобус на прыпынку, другі вырашыў пакідаць у ваду каменьчыкі. Але не з бетоннага парапета, а спусціўшыся ніжэй, бліжэй да вады. Адхон быў пакрыты лёдам — дзіця паслізнулася і ўпала ў ваду.

«Плынь яго крыху аднесла ад берага, але я высокі, мне дастаткова было зрабіць пару грабкоў, каб даплысці да хлопчыка. Калі я трымаў яго на руках, разумеў, што ўдваіх адначасова нам не выбрацца — бетонны адхон унізе вельмі слізкі. Таму я выштурхнуў дзіця ў рукі старэйшаму брату. Пасля выбраўся сам. Ужо на беразе я падхапіў дзіця і бегам аднёс яго ў бліжэйшы кіёск — разумеў, што той ацяпляецца, і хлопчык зможа хоць трохі сагрэцца», — патлумачыў Леанід.

Адсюль мокрага школьніка, яго брата і Леаніда ратавальнікі даставілі на выратавальную станцыю. Пацярпеламу аказалі неабходную дапамогу: знялі мокрую вопратку, расцерлі цела, ухуталі ў цёплы плед.

Леанід Здановіч навучаецца на другім курсе Акадэміі МУС. У Лідзе ён быў на вакацыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0