У КСУП «Міжэвічы» людзі нібыта выпісвалі кароў для сваіх падсобных гаспадарак. Пры гэтым з іх браліся грошы, але самі жывёлы таямнічым чынам знікалі па дарозе да новых уладальнікаў. Гэта значыць, людзям выпісвалі мёртвыя душы кароў, піша «Газета Слонімская».

— На людзей выпісваюць жывёлу, але яны і ведаць не ведаюць, што з'яўляюцца ўладальнікамі кароў. Так, напрыклад, на аднаго, на сённяшні дзень ужо былога, працаўніка жывёлагадоўчага комплексу ў Міжэвічах выпісалі адразу 14 кароў. Насамрэч у яго ў гаспадарцы няма ні адной каровы. Але 14 — гэта не мяжа. На адну з работніц гаспадаркі выпісалі 18 кароў. Камусьці выпісвалі 2, камусьці 4, ва ўсіх па-рознаму. А ўсяго насельніцтва нібыта купіла больш за 200 кароў. Цяпер фінансавая міліцыя разбіраецца з гэтымі фактамі. І калі міліцыянты апытваюць гаспадароў, аказваецца, людзі ведаць не ведалі, што куплялі кароў, — распавяла карэспандэнту «ГС» пра сітуацыю ў гаспадарцы адна з мясцовых жыхарак.

— Калі жыхары пачалі абурацца, мы звярнуліся ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Слонімскага раёна. Там па дакументах кароў людзі куплялі, але насамрэч яны гэтага не рабілі. На мінулым тыдні я хадзіў да начальніка фінансавай міліцыі ў Слоніме, і ён паведаміў, што ўжо заведзена крымінальная справа і яны праводзяць расследаванне, — распавёў карэспандэнту «ГС» слонімскі грамадскі актывіст Віктар Марчык.

Па гэтых фактах, якія мелі месца ў 2019 годзе, распачата крымінальная справа па ч. 2. арт. 424 КК Рэспублікі Беларусь — злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў са штрафам або без штрафу i з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, адзначыў у размове з карэспандэнтам «ГС» начальнік Слонімскага МА УДФР Сяргей Туптала.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру