Фота Надзеі Бужан. 

Фота Надзеі Бужан. 

Першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Дзмітрый Круты пракаментаваў журналістам вынікі перамоў, якія прайшлі 7 лютага на найвышэйшым узроўні ў Сочы. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, на чым і настойваў беларускі бок, будуць купляць нафту ў расійскіх кампаній па цэнах сусветнага рынку, перадае карэспандэнт БелТА.

«Калі казаць пра дамоўленасці па нафце, нафтавым рынку, то расійскі бок згадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасці з расійскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўсталёўваюцца на сусветным рынку. Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перамоў неаднаразова патрабавалі наш прэзідэнт, беларускі бок. Што Беларусі не трэба ніякіх спецыяльных эксклюзіўных умоў. Мы хочам купляць нафту па сусветных каціроўках, і не горшую», — сказаў Дзмітрый Круты.

Паводле яго слоў, Уладзімір Пуцін пагадзіўся з гэтым падыходам. «Больш за тое, ён паабяцаў, што расейскі ўрад акажа ўсялякае садзейнічанне ў нашай працы з расійскімі здабываючымі кампаніямі. Каб пастаўкі нафты на беларускія НПЗ былі менавіта на такіх умовах, пра якія я сказаў вышэй», — удакладніў першы віцэ-прэм'ер.

Ён звярнуў увагу, што расійскі нафтавы рынак вельмі неаднастайны і канстатаваў, што, па сутнасці, палову студзеня бакі не знаходзіліся ў рэжыме перамоў з-за таго, што ў Расіі працягваліся навагоднія вакацыі. «Але цяпер інтэнсіўнасць кантактаў паміж нашымі суб'ектамі гаспадарання вырасла. І мы бачым, што ў той жа Расіі прыкладна 100 млн т нафты з агульнага аб'ёму здабываецца і пастаўляецца невялікімі кампаніямі. Мы проста за шмат гадоў прызвычаіліся, што нафту ў Беларусь пастаўляе ў асноўным вялікая пяцёрка — «Раснафта», «Лукойл», «Татнафта» і іншыя кампаніі, — адзначыў Дзмітрый Круты. — З імі таксама перамовы будуць, вядома, у абавязковым парадку працягвацца. Ужо ў найбліжэйшыя дні міністр энергетыкі Расіі паабяцаў з імі ўсімі сустрэцца, пазначыць новые ўмовы працы на беларускім рынку і аказаць усялякае садзейнічанне ў больш хуткім заключэнні цэнавых кантрактаў. Але пры гэтым і канцэрн «Белнафтахім», і нашы НПЗ працягнуць працу з абсалютна ўсімі суб'ектамі расійскага нафтавага рынку. Літаральна на наступным тыдні такія перамовы ўжо пачнём».

«Існавалі пэўныя абмежаванні па допуску да транзітнай трубы «Транснафты». Прэзідэнт Расіі паабяцаў гэтыя ўсе абмежаванні зняць. Яны ўведзены для ўсіх экспартных рынкаў і паставак яго асобным указам. На Беларусь гэты ўказ не будзе распаўсюджвацца. Гэта значыць, любая кампанія, якой будзе выгадна і цікава працаваць з нашымі НПЗ, атрымае допуск да трубы, транзіту, паставак праз «Транснафту» як агента. Тут ніякіх абмежаванняў не будзе. І мы чакаем, што цікавасць да нашай краіны і рынку з боку гэтых — больш дробных і сярэдняга узроўню — суб'ектаў падвысіцца, і мы зможам у хуткім часе гэтыя кантракты заключыць», — заявіў Дзмітрый Круты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0