Польская паліцыя шукае вінаватых у зьбіцьці іншаземцаў, якое адбылося ўначы з суботы на нядзелю ў Старым горадзе Торуня, піша Радыё Свабода са спасылкай на Gazeta Wyborcza. Пяцёра замежнікаў атрымалі раненьні. Сярод іх быў і грамадзянін Беларусі.

Здарэньне адбылося каля 1.30 уначы. Сярод ахвяраў нападу — грамадзяне Беларусі, Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Група сяброў акурат накіроўвалася ў Стары горад, паміж сабой яны размаўлялі на расейскай мове. Супрацоўнікі паліцыі заявілі прэсе, што напад адбыўся па нацыянальнай прыкмеце.

Нападнікаў было сямёра. Іх фотаздымкі апублікавала мясцовая камэндатура паліцыі.

— У іх не было праблем, каб біць нават дзяўчыну. Сябра, рэпатрыяваны паляк, мае пералом косьці чэрапа, але, на шчасьце, гэта не так сур’ёзна. На нас напалі пад лёзунгамі «Польшча для палякаў» і «*** украінцаў». Дадам, што толькі двое з пяці былі ўкраінцамі. Больш за ўсё мяне ўразіла пасіўнасьць людзей, якія не рэагавалі і абыякава праходзілі побач, — напісаў у Фэйсбуку сьведка здарэньня, грамадзянін Польшчы.

Свабода скантактавалася з маладым чалавекам. У размове з намі ён дадаў, што самыя сурʼёзныя траўмы атрымаў паляк, які рэпатрыяваўся з Расеі. Яму будуць рабіць апэрацыю. Сярод ахвяраў быў і грамадзянін Беларусі, этнічны паляк. Пра гэта сказаў Свабодзе згаданы сьведка.

— Ён не ў шпіталі. Зь ім усё ў парадку.

Сьведка зьбіцьця распавёў, што прычынай зьбіцьця была расейская мова, на якой размаўляла кампанія сяброў. Нападнікі напалі на іх, сышлі, а празь некаторы час вярнуліся і працягнулі зьбіцьцё.

Нядзельны інцыдэнт у Торуні асудзіў мэр Міхал Залескі.

— Гэта бандытызм і надзвычайная праява ненавісьці, зь якімі нельга зьмірыцца. Я рашуча асуджаю такія паводзіны! Я спадзяюся, што паліцыя хутка выявіць вінаватых, а суд іх пакарае. Нуль талерантнасьці да бандытаў!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?