71-гадовага Дага Вівестада прызналі вінаватым паводле ч 1.арт 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Хуліганства». Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суд Маскоўскага раёну Брэста, піша Радыё Свабода.

Прысуд па Дагу Вівестаду — 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Мера стрымання ранейшая — пад вартай. Залічаны тэрмін папярэдняга зняволення. Таксама Вівестад аплоціць суму экспэртыз у суме 2 рублі 22 капейкі.

Нарвежца затрымалі ў Брэсце 29 верасня 2019 года. Яго абвінавачвалі па ч. 3 арт. 167 Крымінальнага кодэкса — «дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да заведама непаўналетняга». Пакаранне паводле гэтага артыкула прадугледжвае ад 8 да 15 гадоў зняволення.

Што адбылося

Падрабязнасці абвінавачання не былі вядомыя нават сваякам асуджанага. Адвакаты, улічваючы, што ў справе фігуруе непаўналетняя, адмаўляліся паведамляць дэталі.

Жонка Вівестада Н. расказала Радыё Свабода, што абвінавачанне можа заключацца ў эпізодзе ў гатэлі «Беларусь». Паводле жонкі, Вівестад сустрэў там групу дзяцей, пагутарыў са старэйшай дзяўчынкай па-англійску і, захапіўшыся яе веданнем ангельскай мовы, пацалаваў яе ў шчаку.

«Калі падсумаваць (абвінавачанне), то ў ім гаворыцца, што Даг Вівестад у холе гатэля «Беларусь» на вачах шматлікіх сведак утрымліваў рукамі і цалаваў пацярпелую 10-гадовую дзяўчынку, наносіў ёй удары, спрабаваў выцягнуць яе на вуліцу і пасадзіць у аўтамабіль таксі», — паведаміў Свабодзе расійскі адвакат Ілля Новікаў, які кансультаваў беларускую адвакатку нарвежца.

Як расказвала жонка Вівестада, пазней яго і ягонага сябра-нарвэжца на стаянцы таксі моцна збіла група мужчын. Па словах Новікава, некаторыя з нападнікаў сталі сведкамі абвінавачання Вівестада. У РУУС Маскоўскага раёна Брэста моцна збітага сябра пасля здарэння адпусцілі, а Дага Вівестада затрымалі і прад’явілі абвінавачанні паводле 167-га артыкула.

Праверка ў справе збіцця была прызначаная толькі пасля таго, як гісторыя стала вядомая ў СМІ. Пабіты грамадзянін Нарвегіі сцвярджае, што яму правялі аперацыю з прычыны нанесенай унутрычарапной траўмы.

Ён прыбыў з Нарвегіі ў Брэст, каб сведчыць на судзе ў падтрымку Дага Вівестада.

Сваякі заяўляюць пра парушэнні правоў Дага Вівестада

Пляменніца і жонка нарвежца сцвярджаюць, што яму пагражалі зброяй, не далі перакладчыка з нарвежскай мовы ў першыя 72 гадзіны арышту. Пра ягоны арышт не паведамілі ў амбасаду Нарвегіі. На працягу 5 дзён Дага ў цяжкіх умовах пад канвоем везлі ў Мінск для праходжаньня псіхіятрычнай экспертызы, пры гэтым ніхто не ведаў, дзе ён знаходзіцца. Сустрэчы з жонкай і сваякамі былі абмежаваныя — за 4 месяцы жонка бачылася з ім коратка 4 разы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру