Карэспандэнт «Нашай Нівы» распытаў былога кіраўніка Гродненшчыны і Міншчыны Сямёна Шапіру пра яго цяперашняе жыццё. Экс-чыноўнік расказаў, чаму сышоў з пасады губернатара, і распавёў пра месца сваёй цяперашняй работы.

«Некалі я мільгаў і на тэлебачанні, і ў газетах. Я так стаміўся ад гэтага, дык цяпер не люблю, калі мяне на вуліцах пазнаюць. А скажаш што публічна, дык кожны па-свойму разумее: адзін хваліць, другі з брудам перамяшае.

Цяпер я ціхенька жыву, працую ў дырэкцыі «Віталюра», не скарджуся.

Не сказаць, што мяне забылі і выкінулі — было вельмі шмат прапаноў на сур'ёзныя дзяржаўныя пасады, Качанава прапаноўвала.

Але я сышоў са службы, бо тады бацька быў вельмі слабы. Апошні год я ад усяго адмовіўся і глядзеў бацьку. Каля яго жыў, вазіў у бальніцы. І я яго ўжо пахаваў, у красавіку 2019 года.

І пасля таго папрасіўся на ціхую работу, вяду нармальнае жыццё. Паверце, у чыноўніка, калі ён сумленна робіць, жыцця няма ніякага! Праходзім бокам усё! У грамадстве ёсць нейкая агульная нелюбоў да чыноўніка, хоць гэта не вельмі аплатная, але цяжкая праца», — сказаў Шапіра. 

Чытайце. Ліберал, які стаў жандарам. Гісторыя жыцця Сямёна Шапіры

***

Сямён Шапіра

Нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Рачэнь на Любаншчыне ў сям’і навукоўца-аграрніка Барыса Шапіры. Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў у калгасах Дзяржынскага раёна, пасля ў структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі (1999-2004). Дырэктар агракамбіната «Дзяржынскі» (2004-2008), міністр сельскай гаспадаркі (2008-2010), старшыня Гродзенскага аблвыканкама (2010-2013), старшыня Мінскага аблвыканкама (2013-2017), кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі (2017-2018). Жанаты, мае дачку і сына.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?