«Наша Ніва» даведалася пра падрабязнасці п'янай бойкі ў кавярні «The Box 99» на Савецкай у Гомелі. У нападзе на дырэктара кафэ падазраюць супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Падзеі адбыліся ў даволі ранні час, каля 18-й гадзіны. Нейкія мужчыны падселі за стол да дзяўчат-падлеткаў і сталі да іх заляцацца. Тыя не адказалі ўзаемнасцю. І калі дзяўчаты сабраліся сыходзіць, мужчыны пачалі зрываць з іх курткі. У гэты момант у зале знаходзіўся дырэктар кавярні, які ўмяшаўся ў канфлікт.

Мужчыны паклікалі яго «пагаварыць» на вуліцу. Адзін з іх, невысокі, збіў дырэктара — біў акцэнтавана, па галаве, укладваючыся ва ўдары, пакуль той не страціў прытомнасць. Пасля гэтага агрэсіўныя кліенты рэціраваліся, аднак на наступны дзень самі прыйшлі ў міліцыю.

Следчы камітэт паведаміў, што падазраваны ў збіцці затрыманы. 

Пазней стала вядома, што фігурантамі крымінальнай справы сталі супрацоўнікі КДБ. 

Пра аднаго з іх паведаміў блогер NEXTA, ён называе былога прэс-сакратара КДБ Дзмітрыя Пабяржына. Цяпер ён працуе начальнікам аналітычна-інфармацыйнага ўпраўлення КДБ.

Другі чалавек, па інфармацыі «Нашай Нівы», — гэта таксама супрацоўнік КДБ. Ён начальнік аддзела ўпраўлення абароны канстытуцыйнага ладу мінскага ўпраўлення КДБ.

«Наша Ніва» звярнулася па каментар да самога Пабяржына.

«Тое, што пішуць у інтэрнэце, што я падазраваны, гэта няпраўда. Я не падазраваны, я гэтага злачынства не здзяйсняў», — сказаў ён. 

Пабяржын адмовіўся ад далейшых каментароў і не стаў праясняць сваю ролю ў гэтай гісторыі. Ён таксама не пацвердзіў, ці праўда, што падазраваны яго калега па ведамстве. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?